Дарогі Асіповіччыны: на прыкладзе чыгуначнай станцыі Верайцы

Дарогі Асіповіччыны: на прыкладзе чыгуначнай станцыі Верайцы

Шэсць, пяць, чатыры, тры, два, адзін… Гэта не адлік часу перад стартам, а падзел на катэгорыі аўтадарог у адпаведнасці з іх тэхнічнымі параметрамі і інтэнсіўнасцю руху. Чым менш лічба, тым вышэй кандыцыі і патрабаванні: 1-я катэгорыя — аўтамагістралі, хуткасныя дарогі і дарогі са шчыльнасцю руху звыш 10 тысяч аўтамабіляў у суткі, 2-я і 3-я — дарогі агульнага прызначэння, па якіх адпаведна праязджаюць штодзень звыш 5000 і 2000 машын, 4-я і 5-я катэгорыі — пераважна мясцовыя, паток транспарту на якіх да 3000 і 400 адзінак, 6-я — тупікі і пад’езды з сутачнай інтэнсіўнасцю руху да 50 машын.

З дарогамі трох вышэйшых і ніжэйшай кандыцый усё зразумела: першыя абслугоўваюцца максімальна хутка і якасна, нагляд за апошнімі вядзецца ў апошнюю чаргу. А вось з астатнімі ўсё не так адназначна: запатрабаванасць даволі высокая, аднак для дарожнікаў іх абслугоўванне не з’яўляецца прыярытэтным. Спецыфіка існавання “сярэднегатунковых” дарог найбольш наглядна прасочваецца на прыкладзе чыгуначнай станцыі Верайцы.

Галоўная транспартная артэрыя паселішча — гравійка Н-11231, якая ідзе да пасёлка Савецкі. Акрамя легкавікоў жыхароў і ўладальнікаў дач двух садовых таварыстваў, значная доля транспартнага патоку на ёй утвараецца камерцыйнымі машынамі, якія “прывязаны” да досыць буйнога верайцоўскага бізнес-кластара, што ўзнік на тэрыторыі былога ваеннага гарадка, і тэхнікай вайскоўцаў. Апошняя часта разгружаецца на станцыі, каб сваім ходам прайсці на палігон Асіповіцкі для ўдзелу ў вучэннях. Ну і вяртаецца, натуральна, на пагрузку таксама сваім ходам.

Армейскія грузавікі — а яшчэ больш цяжкія гусенічныя машыны — па гравійцы ў бок Асіповіч рушаць кіламетры два, а потым зварочваюць на лясную дарогу, якую мясцовыя жыхары без асаблівай фантазіі завуць “танкавай”. Дарэчы, пры павароце танкі-самаходкі “чапляюць” яшчэ адзін важны верайцоўскі шлях зносін — вуліцу Вакзальную, па дарожнай тэрміналогіі — “пад’езд да мясцовых могілак”.

Дык вось тамтэйшыя жыхары ўпэўнены, што ДРБУ   № 199, на балансе якога знаходзяцца ўзгаданыя дарогі, робіць далёка не ўсё, што трэба для падтрымання іх у належным стане. Для прыкладу яны абавязкова ўспамінаюць пра вялікую і вельмі небяспечную выбоіну, якую гэтай восенню дарожнікі не маглі засыпаць ледзь не месяц. Агульны ж стан праезнай часткі гравійкі характарызуюць ёмка-з’едліва: “Пральная дошка”. Язда па гэтых дробных папярэчных хвалях камфорту не спрыяе, ды і для падвескі машын не карысна. Вуліца ж Вакзальная мае грунтовае пакрыццё, і яе галоўныя недахопы звычайныя для такога тыпу дарог: пастаянныя каляіны ды глыбокія лужыны пасля дажджоў.

Карацей, незадаволенасць аўтамабілістаў зразумелая і абгрунтаваная настолькі, што пазіцыю жыхароў цалкам падтрымлівае і актыўна адстойвае старшыня выканкама Пратасевіцкага сельсавета Анатоль Дрывіцкі. Сярод іншых мер мясцовай улады трэба ўзгадаць сапраўдную “бамбардзіроўку” ДРБУ лістамі-патрабаваннямі аб прывядзенні гэтых дарог “у стан, прыгодны для бяспечнай  эксплуатацыі”, якая вядзецца па ўсіх правілах “папяровых войнаў”.

Аднак начальнік ДРБУ №199 Уладзімір Князевіч не бачыць у сітуацыі ніякага форс-мажору. Па яго словах, грабёнка на дарозе Н-11231 з-за ўзгаданых вышэй асаблівасцей эксплуатацыі ўтвараецца вельмі хутка, таму дарожнікі падтрымліваюць яе ў настолькі добрым стане, наколькі дазваляюць фінансавыя і тэхнічныя магчымасці прадпрыемства.

Што ж тычыцца вуліцы Вакзальнай, то абслугоўванне яе праводзіцца адначасова з абслугоўваннем дарогі Савецкі-Верайцы, і яе экс-плуатацыйныя кандыцыі заклапочанасці таксама не выклікаюць. Абгрунтоўваючы пазіцыю, кіраўнік дарожнай службы спаслаўся на ўласны вопыт: маўляў, досыць часта езджу па гэтых дарогах, стан іх ведаю дакладна…

Звычайна наяўнасць дзвюх праўд сведчыць, што ісціну трэба шукаць у нейкім іншым месцы, але пакуль гэтага рабіць не будзем. Прычыны? Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, адбылася падзея, якая павінна істотна паўплываць на якасць абслугоўвання падобных дарог. Прычым не толькі ў асобна ўзятым Асіповіцкім раёне.

22 снежня на цырымоніі адкрыцця руху на другой Мінскай кальцавой аўтадарозе Прэзідэнт краіны адзначыў, што апошнім часам пераважная ўвага ўдзялялася трасам рэспубліканскага значэння, а мясцовыя дарогі прыходзілі ў заняпад. І заявіў, што ў бліжэйшы час будзе прынята рашэнне аб тым, як гэтыя шляхі зносін будуць узнаўляцца.

Па папярэдніх планах грошы на чарговы маштабны праект дарожнага будаўніцтва прадаставіць адзін з банкаў, а вяртацца гэты крэдыт будзе за кошт дзяржпошліны, якую вадзіцелі плацяць за допуск свайго транспарту да ўдзелу ў дарожным руху. I, калі будзе рэалізаваны менавіта гэты сцэнарый фінансавання, традыцыйна-абуранае пытанне вадзіцеляў: “Ці за такую дарогу аплачваю дарожны падатак?” нарэшце атрымае станоўчы адказ.

Дзмітрый САЎРЫЦКІ.

Последние новости

Общество

Навучэнцы Асіповіцкага дзяржаўнага каледжа пастаяннаўдасканальваюць свае навыкі на практыцы.

25 апреля 2026
Читать новость
Общество

Раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “БРСМ” аб’ядноўвае 1 350 маладых людзей.

25 апреля 2026
Читать новость
Профилактика

В районе участились случаи мошенничества путем взлома учетной записи в мессенджере Telegram

25 апреля 2026
Читать новость
Общество

Рэспубліканская акцыя “Лес! Дабро! Парадак!”

25 апреля 2026
Читать новость
Общество

Да 40-годдзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС

25 апреля 2026
Читать новость
Общество

Гороскоп для всех знаков на 25 апреля

25 апреля 2026
Читать новость