Так лаканічна можна сказаць аб сутнасці размовы адразу па трох пытаннях, якія разам з іншымі былі разгледжаны на чарговым пасяджэнні райвыканкама, якое прайшло 16 лютага пад началам першага намесніка старшыні Васіля Пятроўскага.
Яны тычыліся стану і мер па ўмацаванні правапарадку, выкананні Дзяржаўнай праграмы па барацьбе са злачыннасцю на 2006-2010 гады ў раёне, прафілактыкі злачынстваў і правапарушэнняў, п’янства сярод непаўналетніх і арганізацыі рэгіянальнай сістэмы прафілактыкі правапарушэнняў, а таму невыпадкова ў рабоце прыняў удзел шэраг адказных асоб з вышэйстаячых інстанцый — першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Жук, намеснік пракурора Магілёўскай вобласці Сяргей Парфёнаў, начальнікі абласнога ўпраўлення адукацыі Леанід Сматрыцкі і штаба ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама Уладзімір Аллянкоў.
З дакладамі аб зробленым і бачанні шляхоў удасканалення работы за трыбуну запрашаліся пракурор раёна Аляксандр Канецкі, намеснік начальніка міліцыі Мікалай Гайваронскі, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Алена Фядотава, галоўны спецыяліст-юрысконсульт райвыканкама Сяргей Трайчук, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Шаўчэнка, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Дзмітрый Цырынскі, першы сакратар райкама БРСМ Алена Жыліцкая, старшыня райспажыўтава-рыства Аляксандр Ковач. I да іх было нямала далёка не заўсёды прыемных пытанняў.
За большасць раённых паказчыкаў, якія падвялі рысу мінуламу году, “сілавікам” і працуючым з імі “ў звязцы” структурам, здаецца, не сорамна: раскрыццё злачынстваў павялічылася з 68,5 да 73,2%, зарэгістравана іх на 90 менш, колькасць здзейсненых падлеткамі, цяжкіх, групавых і ў стане алкагольнага ап’янення — таксама. Але факт, што ўзровень злачыннасці на Асіповіччыне застаецца надзвычай высокім: летась — 203 на 10 тыс. насельніцтва (2009 г. — 219,2), тады як па вобласці — 142,5, па краіне — 145,8. Да таго ж павялічылася ўдзельная вага злачынстваў, здзейсненых раней судзімымі, асабліва цяжкіх, на бытавой глебе. Ды і колькасць крадзяжоў хаця і паменшылася на 9,8%, але лічба 563 прымушае аб многім задумацца. Як і шмат аварый з-за таго, што за рулём знаходзіліся п’яныя вадзіцелі, рост колькасці тых, хто злоўжывае спіртнымі напоямі і г.д.
“Складваецца ўражанне, што далёка не ўсе працуюць з поўным напружаннем па накірунках, якія абмяркоўваем, — заўважыў Аляксандр Жук. I прымусіў глянуць на праблему і з іншага боку: — Упэўнены, што ў раёне і раней прымалася багата дакументаў з мэтай якраз палепшыць крымінагенную сітуацыю. Дык хто ж канкрэтна “тармозіць” справу? Якія меры прымаліся да вінаватых? Ці прынеслі яны чакаемы эфект? Чаму не ўсё з вызначанага выконваецца да канца?”
Многа ўвагі на пасяджэнні было надзелена і стане спраў у падлеткавым асяроддзі. Так, агульнымі намаганнямі хваля негатыву збіта, за год непаўналетнімі здзейснена 39 крымінальных злачынстваў — на 13% менш. Толькі факт — рэч упартая, і тыя ж маўклівыя лічбы самі за сябе гавораць надзвычай гучна: каэфіцыент злачыннасці на 10 тыс. непаўналетніх у нас склаў 152,7, у 2009 г. — 200,6, а сярэдні па вобласці — 103,9…
Ці належным чынам працуем з праблемнымі сем’ямі? Хіба да канца скарыстоўваюць існуючыя рычагі ўплыву школа і працоўныя калектывы? Чым рэальна дапамагае “цяжкім” падлеткам самая шматлікая маладзёжная арганізацыя ў раёне — грамадская арганізацыя “БРСМ”? Чаму на паперы ўсё ў многіх выглядае больш-менш прыстойна, а ў рэальнасці падчас аказваецца ледзь не наадварот? Гаворым, што пастаянна займаемся прафілактычнай работай, што яна прыносіць пэўныя вынікі, — але ці так гэта на справе, у жыцці?
На пытанні, якіх у ходзе пасяджэння ўзнікала нямала, адказы шукаліся разам. Прычым, іменна зацікаўлена. Адпаведныя дакументы прыняты, цяпер задача — усё з вызначанага ажыццявіць непасрэдна на месцах, дабіцца рэальнага выніку.