У гэты час, як і раней, ткацтва было найбольш распаўсюджаным хатнім промыслам на Беларусі, у тым ліку і ў межах сучаснага Асіповіцкага раёна.
Як вядома, асноўнай сыравінай для ткацтва служыла льняное і канаплянае валакно, а таксама воўна.
Увесь працэс сяўбы, вырошчвання, апрацоўкі лёну і канопляў, а таксама прадзіва і ткацтва выконваліся сялянамі ўручную, у асноўным з дапамогай самаробных прылад і прыстасаванняў.
З пасевам ільну звязана шмат прыкмет. Так, лічыліся спрыяльнымі для сяўбы дні, калі на небе было шмат аблокаў. А таксама — фаза поўні. Нашы продкі сеялі ў пятніцу або ў суботу, бо лічылі, што з панядзелка па чацвер — дні не вельмі спрыяльныя для пасеву. Прычым, сеючы лён, селянін прыгаворваў: “Светлы дзень, як вакно, урадзіся добрае валакно!”
Працэс апрацоўкі лёну і выраб тканіны ўключаў у сябе наступныя этапы: спачатку лён трэба пасеяць, потым прапалоць, вырваць, паслаць, змяць, патрапаць, пачасаць, спрасці, аснаваць і, нарэшце, выткаць тканіну.
Калі сяўбой ільну часцей займаліся мужчыны, то далейшыя работы па яго апрацоўцы выконваліся жанчынамі.
Убіралі лён у другой палове жніўня. Пры гэтым сяляне ўважліва сачылі, каб ён не перастаяў. Таму пачыналі рваць лён тады, калі яго галоўкі станавіліся светла-карычневымі, а сцяблы — зеленавата-жоўтымі. Вырваны лён звязвалі ў невялічкія снапкі, якія састаўлялі на полі ў бабкі для прасушкі. Пасля прасушвання галоўкі абівалі драўляным пранікам, затым ільняную саломку рассцілалі радамі на роўным месцы ў полі ці на сенажаці, дзе яна вылежвалася да таго часу, пакуль пад уздзеяннем расы, сонца, дажджу кастра не пачынала лёгка адставаць ад валакна. Лён падымалі, прывозілі ў двор і складвалі ў памяшканні. Затым прасушвалі і мялі — аддзялялі валакно ад кастры. Гэта рабілася пры дапамозе спецыяльнай прылады — мяліцы, якую рабілі з дрэва.
Наступнай аперацыяй па апрацоўцы льнянога валакна было трапанне, ачышчэнне яго ад дробных кавалачкаў кастры. У выніку трапання разам з кастрой адбівалася і нізкаякаснае валакно — ат-рэп’е, якое выкарыстоўвалася для гаспадарчых патрэб.
Затым валакно часалі драўляным ці металічным грэбнем, у выніку чаго атрымоўвалі высакаякаснае валакно — кужаль, а таксама нізкаякасную кудзелю — абчоскі.
Працэс апрацоўкі канапель нічым не адрозніваецца ад апрацоўкі лёну. Канаплянае валакно выкарыстоўвалася галоўным чынам для гаспадарчых патрэб: вырабу вяровак, аборак і г.д.
Авечую шэрсць у асноўным ужывалі для ўтка. Тканіну з адной воўны ткалі вельмі рэдка.
Даволі працаёмкай і адказнай работай трэба назваць прадзіва — ператварэнне валакна ў ніткі. Ад таго, як было спрадзена валакно, у значнай ступені залежала якасць гатовай прадукцыі. У сялянскіх сем’ях дзяўчынкі садзіліся за прасніцу ў 7-8 гадоў. Ім давяралі прасці атрэп’е ці абчоскі, а з кужалем працавалі вопытныя жанчыны і дзяўчаты. Прадзіва пачыналася пасля заканчэння ўсіх палявых работ, калі наступаў час з кароткімі днямі і доўгімі вечарамі. Жанчыны пралі ва ўсе дні тыдня, акрамя свят і нядзель. Гэта адлюстравана ў беларускай народнай песні:
Ой, кудзелька мая, ты назола мая,
Я цябе праду і ўдзень, і ўночы…
Пайду ў лужочак, выражу пруточак,
Заганю кудзельку ў цёмны куточак,
Стой, кудзелька мая, аж да панядзелка.
Нярэдка для прадзення дзяўчаты збіраліся разам у адну прасторную хату. Звычай сумеснага прадзіва называўся вячоркамі ці попрадкамі.
Прылады прадзіва — калаўрот (самапралка), верацяно і прасніца. Усё гэта можна было або зрабіць самім, або купіць у майстроў.
У працэсе апрацоўкі і падрыхтоўкі пражы для ткання важнае значэнне мела фарбаванне. На працягу доўгага часу нашы продкі выка-рыстоўвалі для гэтай мэты траву, кару, лісце і кветкі розных раслін, якія валодалі фарбавальнымі якасцямі. Пазней хімічныя фарбы цалкам выцеснілі раслінныя фарбавальнікі.
Для стварэння дама-тканіны сяляне карысталіся ткацкім станком. Асноўныя яго элементы: навоі, набілкі з бёрдам, падножкі і ніты. Ткалі падчас зімы, калі ўжо была напрадзена дастатковая колькасць нітак. Пачынаючы прасці, жанчыны прыгаворвалі: “Праміна ідзі ў кросны, а крывіна — у лес”.”Будзьце кросны, як сцяна, а нітачка, як струна”.
Жанчыны-сялянкі выраблялі тканіну як прос-тых, так і складаных узораў. Простую тканіну магла выткаць любая сялянка, а больш якасную, складаную па тэхнічных прыёмах, напрыклад, дэкаратыўныя посцілкі, ручнікі, ткалі толькі тыя, якія мелі вялікі вопыт і ўменне.
Працэс вырабу дама-тканіны — нялёгкая праца. У ткацтве яскрава адлюстраваны майстэрства і эстэтычныя густы. Беларускі этнограф М.Я.Нікіфароў-скі справядліва адзначыў, што тканіна нашых сялянак у многіх выпадках можа паспрачацца з фабрычнай і “не хочацца верыць, што яна зроблена таўстакожымі пальцамі на грубым “кросніным ставу”. Гэтыя словы адпавядаюць таксама і даматканіне, вытканай жанчынамі-сялянкамі Асіповіччыны.
Ганна Дулеба, кандыдат гістарычных навук, этнограф.
Он освобождал Осиповичи. 28 июня — День освобождения района от немецко-фашистских захватчиков
28 июня 2025
Общество
Гороскоп на 28 июня для каждого знака зодиака
28 июня 2025
Власть
Лукашенко сказал, что делать, чтобы ЕАЭС был эффективной структурой, а не площадкой теоретических дискуссий
27 июня 2025
Общество
В этом месяце перестало биться сердце Зинаиды Константиновны Пацкевич — бессменного председателя совета ветеранов Осиповичской ЦРБ “Серебристый ландыш”
27 июня 2025
Общество
В сельхозпредприятиях Осиповичского района в разгаре сезон кормозаготовки. Качество заготавливаемого сенажа контролируется в ветеринарной лаборатории ВСУ “Осиповичская райветстанция”
27 июня 2025
Власть
ЕАЭС 2.0. Лукашенко обозначил контуры обновленной версии экономического союза