Што мы ведаем пра будні выратавальніка? Першапачаткова ў галаву прыходзіць эфектны вобраз гашэння пажару, вызваленне ката з дрэва ці з вадасцёкавай трубы альбо людзей, якія не могуць патрапіць дамоў. І нават не здагадваемся, наколькі, на самой справе, спектр спраў пажарнага разнастайны.
Шумавы канцэрт
8 гадзін ранку. Выюць бензапілы, гудуць маторы, верашчаць мігалкі… Гэта адна варта раённага аддзела па надзвычайных справах прымае ў другой тэхніку. Трэба патлумачыць: змена складаецца з 9 чалавек — начальніка, камандзіра аддзялення, дыспетчара, трох вадзіцеляў, трох байцоў — і трох машын, дзвюх “цыстэрн” і адной “лесвіцы”.
Паўгадзіны цягнецца прыёмка тэхнікі, памяшкання, абсталявання і запаўненне шэрагу журналаў. А потым наступае сакральны момант: мяняюцца маскі на АСВ-2 — “аквалангах” для знаходжання там, дзе няма кіслароду, напрыклад, у дыму. Як толькі маскі варты, якая аддзяжурыла і якая заступае на дзяжурства, заменены — змена лічыцца здадзенай. Калі ж падчас здачы паступіць выклік, на яго паедуць тыя, чые маскі знаходзяцца ў машынах…
Скрыжалі пажарнага — расклад дня
На пытанне, што робяць выратавальнікі пасля змены масак, усе адказваюць адно: “На гэта ёсць распарадак дня”. Дык вось, па раскладу з ранку і да абеду байцы заняты службовай падрыхтоўкай. Але да 15 студзеня ў хлопцаў былі канікулы, таму яны вывучалі тэорыю па індывідуальнай праграме. Тэма выбіралася ў залежнасці ад спецыфікі варты. Напрыклад, трэці каравул — іх усяго тры — адказвае за водазабеспячэнне, значыць, яго байцы вывучаюць усё, звязанае з гідрантамі, вадаёмамі ды іншым.
Што такое заняткі ў РАНС? Напрыклад, ТСВ — тактыка спецыяльнага вывучэння аб’ектаў. Калі ў асіповіцкай гасцініцы былі надбудаваны два дадатковыя паверхі, пажарнікі прыехалі і пільна вывучылі пабудову, размя-шчэнне пакояў. Такім жа чынам даследуюцца бальніцы, школы, інтэрнаты — усе месцы масавага збору людзей.
— Сёлета ў нас яшчэ адно новаўвядзенне: зводку за мінулы дзень па рэспубліцы і вобласці байцы не проста слухаюць, а і канспектуюць, — дадае камандзір аддзялення пажарна-аварыйнай выратавальнай часці № 1 Павел Альховік.
Выратавальнікі таксама харчуюцца
Тут ёсць невялікая кухня, дзе мужчыны з гадзіны да дзвюх дня могуць разаграваць ці гатаваць сабе ежу. Аднак не забараняецца наведванне мам, бабуль, жонак з чыгункамі. Хаця падобнае, па прызнанні байцоў, здараецца досыць рэдка.
Спартсмены, будаўнікі, прафесійныя ўзломшчыкі…
Хімікі-дазіметрысты, пазаштатныя вадалазы, маляры… — гэты шэраг можна доўга працягваць, але мы спы-німся толькі на некаторых пунктах.
Пасля абеду выратавальнікі працуюць над асабістымі рэкордамі. Напрыклад, пажарнік Віктар Казлоў са змены № 1 можа апрануць форму ў мінімальны тэрмін — за 11 секунд. У час аварыйна-ратаўнічай падрыхтоўкі байцы ўдасканальваюць майстэрства “выезду”. За 45 секунд днём і за хвіліну ноччу брыгада павінна сабрацца і выехаць.
Кожны працоўны дзень — здача нейкага нарматыву па фізкультуры. На гэты раз хлопцы выконвалі на пера-кладзіне пад’ём з пераваротам і выхадам на рукі.
— Прымаецца толькі адзнака “выдатна”, — адзначае Павел Альховік. — Па пятніцах займаемся спортам на “Каммашы”, ладзім турніры па міні-футболу, тэнісу. Уласна мне больш даспадобы валейбол. Летнімі вечарамі часценька ў яго гуляем!
Акрамя гэтага, выратавальнікі ў вольны час пасля абеду ладзяць рамонт у будынку райаддзела па надзвычайных сітуацыях. Пытанне: колькі ж у сярэднестатыстычнага пажарніка рук?
Вы бачылі на дрэве хаця б аднаго дохлага ката?
Перыядычна размераны графік перарываецца выездамі. У такое вільготнае надвор’е, якое было нядаўна, выклікі рэдкія — печы асабліва не топяцца. Ды і ўвогуле, прызнаецца дыспетчар, зараз выездаў стала менш. Чаму? Яшчэ 2 гады таму выратавальнікі рэагавалі на просьбы “выцягнуць яшчарку з-пад канапы”. А потым прыйшоў загад: тэхніку шкадаваць і выкарыстоўваць толькі па прызначэнні.
— Нам сказалі: “Вы бачылі на дрэве хаця б аднаго дохлага ката?”, — распавядае дыспетчар Іван Шкурын. — А “лесвіца” маецца нават не ва ўсіх рэгіёнах! Пры тушэнні ж дома, у якім больш за тры паверхі, без яе не абысціся. Многія крыўдуюць на МНС з-за гэтага і не толькі. Чаму яшчэ? У мяне дзве рукі і столькі ж вушэй, а “лініі-101” — тры, а яшчэ 15 прамых ліній са службамі Асіповіч і 1 гарадскі тэлефон. Нярэдка размаўляю па двух апаратах адначасова. А людзі не могуць да-званіцца і кажуць: “Спяць пажарнікі!” — не ведаюць, што дыспетчар прымае яшчэ званкі ад кіраўніцтва і іншых службаў.
І так складаную яго працу дадаткова абцяжарваюць звароты п’яных грамадзян — тых, хто блытае нумары хуткай дапамогі і РАНС, і нават тых, хто паведамляе пра пажар, пры гэтым адмаўляючыся пакідаць свой нумар тэлефона і прозвішча.
— Хочацца патлумачыць наступнае, — кажа Іван Шкурын. — У час гутаркі дыспетчара з заяўнікам брыгада ўжо выязджае. А прозвішча і адрас пазваніўшага патрэбны, каб у выпадку чаго ўдакладніць месца загарання. Бо чалавек у шоку можа пераблытаць нават горад!