Лодка — таксама транспарт!

Чым заняцца летнім сонечным днём? Для многіх гараджан адказ відавочны: выбрацца на ўлонне прыроды! Хоць у сярэдзіне жніўня ўжо асабліва не паплаваеш, не пазагараеш, аднак для некаторых выйсце знаходзіцца лёгка: ёсць жа вуда або стрэльба!
У мінулыя выхадныя мясцовыя і не толькі рыбакі і паляўнічыя быццам бы дамовіліся ўсім кагалам накіравацца на Асіповіцкае вадасховішча: па жнівеньскім сонейку паспець павудзіць рыбку або адкрыць паляўнічы сезон. Каб пераканацца, што ўсё адбываецца ў межах закона, туды ж вырашылі адправіцца і прадстаўнікі адпаведных кантралюючых органаў: начальнікі Асіповіцкай міжрайінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Вячаслаў Гарачы і Дзяржаўнай інспекцыі па маламерных суднах па Магілёўскай вобласці Вячаслаў Краўчанка. А разам з імі ў воднае падарожжа накіравалася і карэспандэнт “раёнкі”.
Час — каля 10 гадзін раніцы. Чорны “Патрыёт” з прычэпленым кацерам пад’язджае да берага Свіслачы ў Цэлі — тут спускаемся на ваду. Пакуль ідуць апошнія падрыхтоўчыя работы, Вячаслаў Гарачы праводзіць прафілактычную гутарку з тутэйшымі рыбакамі: аўтамабілі павін-ны стаяць не менш чым за 30 метраў па гарызанталі ад вады. Нарэшце загружаемся ў лодку і стартуем. Але разагнацца асабліва не паспелі — хутка прыйшлося прыпыніцца. Мужчына — а менавіта прадстаўнікі моцнага полу часцей за ўсё адважваюцца на рыбалку з лодкі — сядзеў у надзіманай “Калібры”. Да судна прыстасаваны невялікі матор. Калі б не апошні — рэгістраваць яго і не патрэбна было б, бо грузападымальнасць менш за 225 кілаграмаў, але ж… Жыхару Мінска прыйдзецца цяпер заплаціць штраф у памеры 2 базавых велічынь (42 рублі) — і гэта мінімальны. “Я ж не ведаў! Прадаўцы сказалі: гэта “венціляр”, ніякай рэгістрацыі не патрэбна!” Вось толькі няведанне закона не вызваляе ад адказнасці.
Падобная праблема аказалася і ў рыбака непадалёк — на такой жа лодцы і з такім жа “венцілятарам”. Аказалася, сябры. “Ды ведаю, што парушыў. Але ж тут усе так плаваюць!”. Усе-не ўсе, але штраф таксама давядзецца плаціць. Дарэчы, рэгістрацыя матора ўсё роўна патрэбна, і каштуе яна крыху больш, чым спагнанне. Як там кажуць? Скупы плаціць двойчы?
I ўжо нікога не здзівіла, калі праз колькі дзясяткаў метраў сустрэлі і трэцяга на такой жа лодцы. Вось толькі і ратавальная камізэлька ў яго была апранута, і матор прыхаваны. “Добра, што сябры патэлефанавалі! Чаго вы тут плаваеце? 30 гадоў нікога не было, а цяпер нешта вам спатрэбілася!” I нават калі яго адпусцілі, ніяк не хацеў развітвацца з рэйдавай групай: беспакаранасць — вялікая справа…
Наступны парушальнік — 17-гадовы юнак на надзіманай лодцы. Без спецкамізэлькі. Чапляем яго за борт і буксіруем да берага — там чакае бацька. Як выявілася, дарослыя, з якімі прыехаў хлопец, паляў-нічыя. Але, на шчасце, усе прылады і дакументы для палявання ў іх аказаліся ў належным стане. Таму проста правялі гутарку і параілі набыць камізэльку.
Нарэшце, сустрэлі на вадзе і дзвюх прадстаўніц прыгожага полу. Вось толькі таксама без апранутых спецсродкаў. “А мы ж тут амаль каля берага плаваем, вось пару рыбак злавілі. Нашто ж нам тыя камізэлькі?” Але старанна паабяцалі набыць і больш не парушаць. Выратавала іх толькі тое, што не плылі: калі стаіш “на якары”, можна дазволіць сабе зняць выратавальнае адзенне.
А вось сустрэтаму далей рыбаку прыйдзецца патраціцца двойчы: і на камізэльку, і на штраф — 10 рублёў 50 капеек у адпаведнасці з артыкулам 18.8 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях краіны. Заадно пагутарылі з рыбакамі, якія сядзелі на беразе, наконт таго, што смецце на стаянцы патрэбна прыбіраць абавязкова, нягледзячы на тое, тваё яно ці чужое.
Аналагічная праблема аказалася і ў наступнага рыбака. “Яшчэ ўчора круціў у руках камізэльку: браць-не браць. Вось адчуваў, што спатрэбіцца, але адклаў убок, не узяў, каб месца не займала…” Верагодна, з падобнымі пачуццямі быў і рыбак на “маторцы”, у якога камізэлька вісела на крэсле, а не на плячах — таксама штраф 10,5 рублёў.
— Дзіўна, што многія грамадзяне да гэтай пары ўсё яшчэ не ўспрымаюць лодку як паўнацэнны транспартны сродак, — разважае Вячаслаў Краўчанка. — Але ж насамрэч маламернае судна — такі самы транспарт! I меры бяспекі патрэбна выконваць суадносныя. Не прышпіліў рамень бяспекі ў аўто — рызыкуеш жыццём, не апрануў камізэльку ў лодцы — зноў рызыкуеш жыццём. I калі ўжо гэта думка паселіцца ў грамадскай свядомасці?
Здзівіў мясцовы жыхар, які вырашыў пакатаць хлопчыка на старэнькай залатанай надзіманай лодцы. А каб за-сцерагчы малога, начапіў на яго… звычайную па-крышку. Пра камізэлькі размова тут і не ішла. “Паступіце са мной па сумленні”, — прапанаваў мужчына. А ці так ён па-ступіў, рызыкуючы не толькі сваім, але і жыццём дзіцяці?
Так жа рызыкоўна плылі і даволі адэкватныя бацька з 18-гадовым сынам. Вось толькі што іх прымусіла сесці ў драўляную лодку, якой больш падышло б слова “карыта”? Мабыць, менавіта такімі транспартнымі сродкамі карысталіся героі знакамітага рамана Мележа “Людзі на балоце”. Але ж час зараз іншы, ёсць шмат магчымасцей зрабіць сваё жыццё больш бяспечным. Нашто ж гэта дарэмная рызыка? Тым больш, што мужчыны аказаліся паляўнічымі.
— Пакуль будзеце сваю здабычу лавіць і самі ў вадзе апынецеся! Яно вам патрэбна? — запытаў Вячаслаў Гарачы. — Абавязкова набудзьце новую лодку і камізэлькі.
Яшчэ адзін паляўнічы з сябрам сустрэліся крыху далей амаль на такім жа судне. Маладыя людзі — мінчане, завіталі да нас адпачыць. Лодку арандавалі ў мясцовых жыхароў, каб пераплыць на другі бераг. А вось аб камізэльках не патурбаваліся… Дарэчы, яны першыя з раней сустрэтых змаглі пахваліц-ца здабычай у першы дзень адкрыцця сезона палявання на качак.
Патрапілі ў поле зроку і дзіўныя на сёння рыбакі: трое мужчын лавілі рыбу… рукамі. Адразу ўзніклі некаторыя сумненні наконт іх сумленнасці, але калі адзін з іх непасрэдна пры нас злавіў рыбіну… Вось толькі іх сябра на лодцы прыйшлося крыху адцягнуць ад цікавай справы — зноў адсутнічала камізэлька.
Напрыканцы сустрэлі яшчэ чатырох “безкамізэлечных” рыбакоў. I калі два з іх безумоўна прызналі, што вінаватыя, то астатнія ўсё пыталіся выкручвацца. У абодвух сяброў вызначыліся “праблемы” з памяццю: то дзень і месца нараджэння не ўспаміналіся, то дакументы “згубіліся”…
— Калі вінаваты, лепш прызнаваць, — адзначае начальнік міжрайінспекцыі. — Бо мы маем права і ў РАУС адвезці — для высвятлення асобы. А гэта не так і прыемна, згадзіцеся.
За гэты дзень начальнік ДIМС вынес каля паўтара дзясятка пастаноў парушальнікам, правёў шэраг прафілактычных размоў. Аказваецца, на Асіповіччыне не надта ведаюць правілы карыстання плывучым транспартам. Ці проста ігнаруюць іх?
Марыя ТАЛЕЙКА.