Пра лес, клімат і расліны з Чырвонай кнігі

Пра лес, клімат і расліны з Чырвонай кнігі

Напрыканцы ліпеня прайшоў чарговы маніторынг стану помнікаў прыроды, якія знаходзяцца пад наглядам ДДЛГУ “Асіповіцкі доследны лясгас”.

Іх на сёння чатыры. Два рэспубліканскага значэння — Акцябрскі дуб-гігант і Брыцалавіцкі дуб-волат, і столькі ж мясцовага — эталонныя насаджэнні сасны і насаджэнні лістоўніцы.

Агляд паказаў, што дубы і лістоўніца знаходзяцца ў бездакорным стане, а вось насаджэнні сасны патрабуюць невялікай санітарнай высечкі — адзінкавыя дрэвы сур’ёзна пашкодзіў цыклон “Даніела”, студзеньскі дождж–снегапад. Увогуле, нічога страшнага не адбылося. Усё ў межах натуральнага адбору, пры якім слабейшы гіне, каб выслабаніць жыццёвую прастору для больш прыстасаванага і дужага.

Тым не менш, нанясенне стыхіяй шкоды помніку прыроды дае нагоду для пэўных разважанняў. Павелічэнне частаты анамалій надвор’я сведчыць аб зменах клімату, і гэтую выснову наўрад ці хто здолее аспрэчыць. Пакуль немагчыма спрагназаваць, наколькі далёка зойдзе працэс, аднак ён, відавочна, ужо ўплывае на нашу прыроду, прычым у першую чаргу на раслінныя супольнасці. Галоўныя з біяцэнозаў Асіповіччыны — лясы, якія займаюць большую палову тэрыторыі раёна і з’яўляюцца яго найбольш важным і шматфунк-цыянальным прыродным рэсурсам.

Аб тым, як ацэньваюць узгаданы ўплыў спецыялісты, гаворыць вядучы інжынер па ахове і абароне лесу ДДЛГУ “Асіповіцкі доследны лясгас” Генадзь Заяц:

— Моцныя вятры, ад якіх напачатку ліпеня дасталося сталіцы, прайшлі літаральна побач з Асіповіччынай і нанеслі вялікую шкоду лясам Чэрвенскага раёна. Каб справіцца з наступствамі ветравалаў, туды была сцягнута высокавытворчая тэхніка з усёй краіны. Нашы харвестары і фарвардары таксама дапамагаюць суседзям, таму высечкай лесу ў раёне зараз займаюцца выключна вальшчыкі. Яны добра падрыхтаваныя спецыялісты, таму тэмпы вядзення высечак трымаюцца на належным узроўні, хаця, акрамя планавых работ, трэба весці расчыстку ўчасткаў, якія атрымлі пашкоджанні зімой. На сёння аб’ём драўніны, якая атрымана пры такой расчыстцы, ужо перавышае 70 тысяч кубаметраў, і гэтая справа яшчэ вельмі далёкая да завяршэння.

Днямі стала відавочна, што работы прыбавіцца: у Асіповіцкім, Бабруйскім, Глускім і Быхаўскім раёнах выявілася ўсыханне сасны, што патрабуе правядзення дадатковых санітарных высечак. З-за падзення ўзроўню грунтовых вод лясы на ўзвышшах адчуваюць крытычны дэфіцыт увільгатнення. Яшчэ адна кліматычная бяда — цёплыя зімы, якія вельмі спрыяюць размнажэнню разнастайных насякомых-шкоднікаў. Аслабленыя ж засухай дрэвы для іх — багатая кармавая база, таму дзейнічаць трэба хутка і правільна, дакладна выконваючы ўсе патрабаванні лесакарыстання

Важная мера для захавання лясоў — забарона іх наведвання ў пажаранебяспечны перыяд. Лес — важны рэкрэацыйны рэсурс, таму мера гэтая адна з самых непапулярных, аднак выбару ў лесакарыстальнікаў няма.

Летась, калі ўзгаранні былі досыць частымі, жорсткія меры перасцярогі ўспрымаліся насельніцтвам з разуменнем, сёлета ж, калі перыяды сухой спёкі перарываюцца досыць моцнымі дажджамі, узгаданая забарона ў многіх выклікае непаразуменне. Аднак справа ў тым, што выпадаючых дажджоў не хапае, каб ліквідаваць дэфіцыт вільготнасці, таму ўжо праз дзень-два пасля самага моцнага дажджу раслінныя рэшткі на глебе зноў становяцца сухімі настолькі, што могуць успыхнуць ад адной іскры. Апошні прыклад — узгаранне лесу 10 жніўня, якое адбылося ад кінутага саматужным нарыхтоўшчыкам лесу акурка.

Інцыдэнт удалося ліквідаваць хутка, бо ён адбыўся блізка ад населенага пункта і ў зручным для барацьбы з агнём месцы. А вось калі б успыхнула балота ў якім-небудзь “мядзведжым куце”, як тое было мінулым летам? Прынамсі, за апошнія гады большасць балотных угоддзяў адчувальна падсохла. Там, дзе раней можна было ледзь прайсці ў рыбацкіх ботах, сёння не замочыш і звычайныя красоўкі.

Што тычыцца дзікарослай прадукцыі, то яе ўраджайнасць таксама падае. Ягады пакутуюць ад смагі ў меншай ступені, а вось грыбам зусім складана. Іх можна знайсці толькі ў нізінах, ды і то ў даволі нязначнай колькасці. Ва ўсякім разе, тыя грыбы, што прадаюцца на шашы Мінск-Гомель, пераважна з Віцебскай вобласці. Там раней лясы былі пераўвільготненыя, а зараз, відавочна, водны баланс прыродных біяцэнозаў стаў больш спрыяльным для тых жа лісічак ды баравікоў.

Трэба прызнаць, што, нягледзячы на забарону наведвання лясоў, людзей у іх многа. Будзем рэалістамі — прыцягнуць усіх парушальнікаў да адказнасці немагчыма, ды і большасць землякоў выдатна разумее, як сябе паводзіць, каб вандроўка па лесе не прывяла да пажару. Аднак неадэкватных грыбнікоў і зборшчыкаў ягад усё ж дастаткова, каб прымаць больш дзейсныя меры прафілактыкі. Сярод іх — устаноўка металічных шлагбаўмаў на лясных уездах замест звычных драўляных і пастаяннае патруляванне найбольш “папулярных” у саматужных нарыхтоўшчыкаў дзікарослай прадукцыі маршрутаў. Гэта даволі затратныя меры, але выбіраць не даводзіцца, бо ліквідацыя лясных пажараў абыходзіцца несупастаўна даражэй.

Узгадаем і пра ахоўваемыя віды раслін. На землях Асіповіцкага лясгаса існуюць арэалы шасці сасудзістых раслін-чырвонакніжнікаў: мядзведжай цыбулі, гайніка цёмна-чырвонага, мнаганожкі звычайнай, зубніцы клубняноснай, званочка шырокалістага, плюшча звычайнага.

Пакуль іх стан не выклікае занепакоенасці, бо ніякіх відавочных змен у памерах арэалаў і шчыльнасці асобін не назіраецца. Мядзведжая цыбуля не выключэнне, нягледзячы на пэўны ўрон, які наносіцца ёй кожную вясну.

Зборшчыкаў гэтай расліны не стала меней, аднак прымаемыя для яе аховы меры вымушаюць парушальнікаў дзейнічаць больш асцярожна. Тым самым за кароткі тэрмін збору сукупны аб’ём урону не паспявае дасягнуць непапраўнага для вясенняга далікатэсу ўзроўню.

Последние новости

Новости

Футбол. Первая лига. ФК “Нива” — ФК “Осиповичи” — 2:2

22 апреля 2025
Читать новость
Новости

В организациях Осиповичского района проводится неделя нулевого травматизма

22 апреля 2025
Читать новость
Новости

Правовой прием граждан проведет советник главного управления юридической работы и правового обеспечения Федерации профсоюзов Беларуси

22 апреля 2025
Читать новость
Сельское хозяйство

У Асіповіцкім раёне завяршаецца сяўба ранніх яравых культур

22 апреля 2025
Читать новость
Власть

“Надо решать вопрос”. Лукашенко поручил разобраться с проблемами на “АМКОДОРе”

21 апреля 2025
Читать новость
Власть

Создать условия для людей. Лукашенко обозначил задачи по развитию поселков городского типа

21 апреля 2025
Читать новость