Будаўніцтва — справа вечная

Будаўніцтва — справа вечная

14 жніўня — Дзень будаўніка

Дзень будаўніка ўвайшоў у спіс прафесійных свят СССР у 1956 годзе. Такім чынам, сёлета яно адзначае сваё 60-годдзе. Праўда, на постсавецкай прасторы свята захавалася толькі ў Беларусі, Расіі, Арменіі, Казахстане, Кыргызстане і Украіне.

Цяжка казаць пра іншых, а вось айчынныя будаўнікі за час існавання суверэннай Беларусі паспелі зрабіць многае. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова паглядзець навокал і ўспомніць, як выглядаў населены пункт гадоў дваццаць назад. Зразумела, маштаб перамен у многім залежыць ад памераў паселішча, так што невялікі райцэнтр накшталт Асіповічаў некарэктна параўноўваць з тым жа Бабруйскам і, тым болей, Мінскам. Аднак — і тут памер не мае значэння — паўсюдна дасягнута мэта, якая ў эпоху СССР здавалася амаль непад’ёмнай: забеспячэнне ўласным жыллём усіх жадаючых.

Наш раён тут займае асобнае месца. На сёння ён мае лідзіруючы ў вобласці і адзін з самых высокіх у краіне паказчыкаў плошчы жылля на душу насельніцтва — больш за 43 квадратныя метры. З абмеркавання наступстваў гэтага дасягнення і пачалася гаворка з намеснікам старшыні райвыканкама Сяргеем Семянцовым:

— Набліжэнне да “столі” плацежаздольнага попыту пачало адчувацца яшчэ ў 2014 годзе, калі пасля здачы ў эксплуатацыю чарговай асіповіцкай шматпавярхоўкі — 144-кватэрнага дома —  23 кватэры ў ім засталіся незапатрабаванымі. Яны, прынамсі, не знайшлі гаспадароў і дагэтуль. У чэрвені бягучага года ўзгаданае жыллё нават спрабавалі прадаць з аўкцыёна, аднак жадаючых укласці грошы ў нерухомасць не знайшлося. Зараз бабруйскі завод буйнапанэльнага домабудаўніцтва на ўласныя сродкі будуе 108-кватэрны дом, у якім кожны жадаючы можа набыць долю па зусім невялікай цане — 300 долараў за 1 квадратны метр. Дом будзе здадзены ў эксплуатацыю праз месяц-два, аднак палова кватэр у ім яшчэ не раскуплена.

Насычэнне рынку жылля азначае, што на працягу некалькіх гадоў тэмпы будаўніцтва новых дамоў будуць досыць сціплыя, а прыярытэтам зробіцца ўзвядзенне сацыяльнага жылля. Яго мае права атрымаць каля 300 землякоў, так што будуемы зараз з кітайскай падтрымкай 108-кватэрны дом праблему канчаткова не вырашыць.

Застаецца яшчэ каля 2.600 чалавек, якія стаяць у льготнай чарзе на атрыманне жылля, аднак тут сканцэнтраваліся выключна тыя землякі, якія жадаюць большага, чым дазваляе дзеючае заканадаўства. У гэтым няма нічога дрэннага — заканадаўства ж можа памяняцца. Аднак з улікам існуючай у краіне агульнаэканамічнай сітуацыі наўрад ці ёсць нагода ў бліжэйшай перспектыве чакаць пашырэння дзяржрасходаў на будаўніцтва.

— Скарачэнне аб’ёмаў домабудаўніцтва відавочна адбіваецца і на работах па стварэнні інфраструктуры ў зонах жылой забудовы, дарожным будаўніцтве?

— Сёлета на пракладку інжынерных сетак з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў Асіповіччына атрымала каля 5,5 мільярда недэнамінаваных рублёў. Каля 5,2 мільярда даў раённы бюджэт. У 2014 годзе аб’ём фінансавання склаў 25 мільярдаў, так што розніца відавочная.

Практычна ўсе гэтыя сродкі запланавана ўкласці ў развіццё камунікацый новага мікрараёна на вуліцы Чарняхоўскага. Каб эфектыўнасць выкарыстання сродкаў была найбольшая, запланаваныя работы вядуцца адначасова. Асноўная праблема — неабходнасць вывесці камунікацыі з зоны будаўніцтва новай вуліцы, якая злучыць “Чарняхоўку” з вуліцай Крыловіча.

Новая вуліца пэўны час будзе мець толькі друзавае пакрыццё — на асфальт грошай пакуль няма.

З-за дэфіцыту бюджэтных сродкаў даводзіцца дамаўляцца з гаспадарамі прыватных дамоў аб змяненні ўмоў фінансавання пракладкі газаправода і водаправода ў пасёлку Ялізава і шэрагу іншых паселішчаў. Першапачаткова планавалася, што дзяржбюджэт забяспечыць 70 працэнтаў неабходных сродкаў, аднак у рэчаіснасці атрымліваецца не болей 50 працэнтаў. Трэба адзначыць, што землякі аднесліся да сітуацыі з разуменнем і згадзіліся ўзяць на сябе дадатковыя расходы. У сваю чаргу будаўнікі зрабілі ўсё магчымае, каб знізіць сабекошт работ.

Асабліва ўражваючай эканоміі ўдалося дасягнуць пры пракладцы водаправода ў вёсцы Ручай, аграгарадках Лапічы і Ліпень. Тут людзям увогуле прапанавана будаваць водаправод цалкам за ўласныя грошы, таму што сумы атрымаліся смешныя — не болей 100 дэнамінаваных рублёў. Аднак гэта прыемнае выключэнне, якое стала магчымым выключна з-за ўдалага размяшчэння ўжо існуючых камунікацый.

Што ж тычыцца дарожнага будаўніцтва, то галоўны аб’ект тут — рэканструкцыя вуліцы Рабоча-Сялянскай. Фінансаванне яго вядзецца выключна з дарожнага фонду, інакш кажучы, за сродкі, якія збіраюцца з аўтамабілістаў у якасці дарожнага збору. На гэты год выдзелены 1 мільярд недэнамінаваных рублёў. На заканчэнне ж работ патрабуецца 10 мільярдаў, так што разлічыць тэрмін здачы аб’екта ў эксплуатацыю нескладана.

— Калі работы мала, гэта павінна павышаць канкурэнцыю сярод будаўнічых арганізацый. Наколькі адпавядае такое саперніцтва інтарэсам раёна?

— Найбольш востры этап прыстасавання да неспрыяльных умоў ужо мінуў. Не абышлося без страт — шэраг дастойных павагі арганізацый спынілі дзейнасць, а некаторыя зараз праходзяць працэдуру банкруцтва ці ліквідацыі. На сёння, акрамя некалькіх дробных фірм, будаўнічую галіну ў раёне прадстаўляюць будучасткі ДУКВП “Водаканал”, УКП ЖКГ, ТАА  “Асіповічыгазбуд”, БУ-2 і БМП №761. Шчыра кажучы, не шыкуюць, але і без справы не стаяць. БУ-2 і БМП-761 арыентуюцца на патрэбы Беларускай чыгункі, “Водаканал” па максімуму задзейнічаны на будаўніцтве фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў мікрараёне вуліцы Чарняхоўскага, а “Газбуд” паспяхова выйграе тэндары за межамі раёна. Між іншым, “экспарт” сваіх паслуг удаецца толькі гэтай арганізацыі.

Сукупныя магчымасці будаўнічых арганізацый на сёння цалкам адпавядаюць патрэбам раёна, а захаваны імі кадравы патэнцыял — вопытныя арганізатары, высокакваліфікаваныя спецыялісты вышэйшага і сярэдняга звяна — дазваляе пры неабходнасці досыць хутка павялічыць вытворчую магутнасць да неабходных памераў. Гэта галоўны пазітыў, з якім асіповіцкія будаўнікі сёлета сустракаюць сваё прафесійнае свята. Цяжкасці з’яўляюцца і сыходзяць, будаўніцтва ж — справа вечная, і да яе трэба быць гатовым заўсёды.

Гутарыў Дзмітрый САЎРЫЦКI.

Последние новости

Общество

Да 40-годдзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС

25 апреля 2026
Читать новость
Общество

Гороскоп для всех знаков на 25 апреля

25 апреля 2026
Читать новость
Общество

Прокуратура Осиповичского района потребовала устранить нарушения в сфере увековечения памяти о погибших при защите Отечества и сохранении памяти о жертвах войн

24 апреля 2026
Читать новость
Общество

Гороскоп на 24 апреля для всех знаков Зодиака

24 апреля 2026
Читать новость
Общество

Гороскоп на 23 апреля для всех знаков Зодиака

23 апреля 2026
Читать новость
Культура

Что посмотреть на неделе в Осиповичах? Афиша кинотеатра «Родина»

22 апреля 2026
Читать новость