У Асіповіцкім раёне думаюць пра заўтра

Штогод на прадпрыемствы і ва ўстановы раёна прыходзяць маладыя спецыялісты. Аднак ці многія з іх застаюцца на тым месцы, куды яны патрапілі па размеркаванні? На вялікі жаль, далёка не ўсе.
Прычын “цякучасці” маладых кадраў шмат, і многія з іх аб’ектыўныя. І ўсё ж, калі пачынаючы працаўнік бачыць, што ён патрэбны, што кіраўніцтва адносіцца да яго з павагай і разуменнем, гэта можа стаць рашаючым фактарам у пошуку адказу на прынцыповае пытанне: заставацца ці шукаць іншую работу.
Цікавымі думкамі на гэты конт падзяліўся кіраўнік спраў райвыканкама Алег Кулакоўскі, адказны за ААТ “Авангард-Ніва”:
— Кіраўнікам трэба быць рэалістамі. Перад тым, як выказваць моладзі сур’ёзныя патрабаванні, яе трэба належным чынам падрыхтаваць, стварыць умовы для ўдасканалення набытых падчас вучобы ведаў і навыкаў. Спецыялістам чалавек становіцца не адразу, і для ўсіх будзе лепш, каб працоўны вопыт ён набываў хутка, эфектыўна і з задавальненнем.
Гэтыя словы Алег Аляксандравіч выказаў з нагоды падзеі, якая адбылася ў мінулы аўторак на мехдвары гаспадаркі ў вёсцы Карытнае.
Кіраўнік таварыства Сяргей Сідарэнка ўручыў заатэхніку Аляксандру Пракапцову (на здымку) персанальны службовы транспарт — мапед павышанай прахадзімасці.
Яшчэ вясной сям’я маладых спецыялістаў Аляксандра і Алісы Пракапцовых, якія працуюць у гаспадарцы заатэхнікам і ветурачом адпаведна, паведаміла кіраўніцтву калгаса аб узнікшых складанасцях: каб належным чынам наглядаць за кругласутачнай пасьбой буйной рагатай жывёлы, ім трэба амаль штодзень пераадольваць каля дзесяці кіламетраў. У гаспадарцы на тое няма транспарту, а карыстацца ўласнай машынай для сямейнага бюджэту не танна.
На той сустрэчы прысутнічаў і Алег Кулакоўскі, які, па словах Сяргея Сідарэнкі, аказаў істотную дапамогу ў вырашэнні праблемы, што толькі на першы погляд здаецца простай. Пасля далучэння “Карытнага” да “Авангарда” аб’яднанаму сельгаспрадпрыемству даводзіцца аддаваць па запазычанасцям “Карытнага” столькі грошай, што выраз “кожная капейка на ўліку” для гаспадаркі мае самае літаральнае значэнне. Пры такіх фінансавых абмежаваннях знайсці магчымасць выдзеліць 1,4 тысячы рублёў на набыццё мотатэхнікі атрымалася толькі напачатку жніўня.
Аднак добра тое, што мае добры канчатак. Гаспадарка крыху зацягнула пояс, але зрабіла ўдалую інвестыцыю. Атрымала лепшы нагляд за сваім статкам, стварыла ўмовы для больш эфектыўнага выкарыстання рабочага часу двух каштоўных спецыялістаў, а ў перспектыве яшчэ і атрымае пэўную эканомію: паліва для мапеда патрабуецца значна меней, чым легкавой машыне, якая да таго ж праедзе не ўсюды.
Пралічыўшы ўсе выгады забеспячэння спецыялістаў гаспадаркі персанальным службовым транспартам, Сяргей Сідарэнка мае намер пры бліжэйшай магчымасці набыць яшчэ адзін мапед — для агранома.
Дзмітрый САЎРЫЦКІ. Фота аўтара.

