Асіповіцкі РАНС: гатовы. Амаль да ўсяго

25 ліпеня — Дзень пажарнай службы
Сярод спраў, якія ўваходзяць у сферу дзейнасці структур Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, цяжка вызначыць найбольш выжныя. Усе падзеі, якіх тычыцца ёмкае абагульненне “надзвычайныя сітуацыі”, маюць адну агульную рысу: яны пагражаюць жыццю і здароўю людзей. Ва ўмовах еўрапейска-хрысціянскага менталітэту чалавечае жыццё лічыцца найвышэйшай каштоўнасцю, таму без выратавальнай службы абыходзіцца немагчыма.
Аднак высокія словы маюць дастаткова ўмоўныя адносіны да будзённых рэалій асобна ўзятага райаддзела па надзвычайных сітуацыях. Выніковасць яго дзейнасці вызначаецца досыць руціннымі лічбамі. Начальнік Асіповіцкага РАНС Iгар ЛогвIн тым цалкам задаволены, бо калі ў выратавальнікаў няма нагоды для праяўлення гераізму, значыць, надзвычайныя здарэнні ім удаецца своечасова ліквідаваць ці ўвогуле прадухіляць. Дарэчы, сёння менавіта прафілактыка лічыцца прыярытэтам выратавальнай работы.
— Змяненні ў Закон аб прафілактыцы правапарушэнняў былі ўнесены ў 2014 годзе, — расказвае Iгар Міхайлавіч. — З таго часу працуе раённая камісія па прадухіленні пажараў і гібелі людзей ад іх. Аб’яднанне намаганняў зацікаўленых структур дазволіла выслабаніць супрацоўнікаў РАНС ад вельмі працаёмкай справы — суцэльнага нагляду за жылым фондам. Зараз ёй займаюцца мясцовыя ўлады і аглядальныя камісіі, створаныя з удзелам спецыялістаў сацыяльнай абароны, адукацыі, жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Выратавальнікі ж “уступаюць у гульню” толькі тады, калі выяўляюцца канкрэтныя хібы.
Гэта не азначае, што працаваць у РАНС стала лягчэй: цяпер супрацоўнікі райаддзела кантралююць бяспеку землякоў на вадзе, у побыце, падчас адпачынку на прыродзе. Сёння выратавальная служба адыходзіць ад прыняцця адміністрацыйных санкцый у адносінах да парушальнікаў, бо толькі перакананнем можна дамагчыся, каб чалавек асэнсаваў, што ён павінен самастойна клапаціцца пра ўласную бяспеку.
Да прыкладу, сёлета колькасць штрафаў, накладзеных на домаўладальнікаў за парушэнне супрацьпажарнай бяспекі, у 2,5 раза меней, чым летась. “Пакаранне рублём” прымянялася толькі да самых абыякавых землякоў.
Той жа прынцып рэалізуецца і ў адносінах з юрыдычнымі асобамі. РАНС павінен у першую чаргу дапамагаць у выяўленні пагроз, таму падчас праверак кіраўніцтва прадпрыемстваў атрымлівае магчымасць па максімуму выправіць існуючыя недахопы.
— Аднак супраць стыхійных катаклізмаў прафілактыка наўрад ці дапаможа. Рызыка тэхнагенных аварый для Асіповіччыны з яе развітай прамысловасцю і шчыльнай транспартнай сеткай застаецца значнай. Ці гатовы РАНС да ліквідацыі наступстваў маштабных надзвычайных сітуацый падобнага кшталту?
— На сёння райаддзел забяспечаны ўсёй неабходнай тэхнікай, а супрацоўнікі ўмеюць ёй валодаць дасканала. Так што магчымасці раённай выратавальнай службы пры неабходнасці будуць задзейнічаны з максімальнай эфектыўнасцю. I не толькі яны. У нашай краіне дзейнічае шматузроўневая сістэма ліквідацыі надзвычайных здарэнняў, у якую ўключаны ўсе структуры і арганізацыі з неабходным патэнцыялам. Яна дазваляе ў самыя сціслыя тэрміны сканцэнтраваць у патрэбным месцы неабходныя сілы.
За апошнія гады гэтая сістэма неаднаразова праходзіла праверку ў досыць жорсткіх умовах. Выбух у мінскім метро, снегапады “Хаўер” і “Даніела”, пажар на заводзе “Палімір” у Наваполацку, нядаўні ўраган з навальніцаю, які затапіў Мінск, — гэта практычны вопыт, з улікам якога ідзе пастаяннае ўдасканальванне падрыхтоўкі ўсіх структур МНС.
Аднак у выратавальніцкай справе ўсё прадугледзець немагчыма, бо нельга ўявіць межы чалавечай легкадумнасці. Умець дзейнічаць у любой сітуацыі і ёсць майстэрства выратавальніка.
Запісаў Дзмітрый САЎРЫЦКI.