Асіповіцкі гісторыка-краязнаўчы музей: духоўная повязь часоў

Музей нясе ў сабе магутнейшы зарад гістарычнай памяці і дае ўнікальную магчымасць акунуцца ў атмасферу мінуўшчыны. А яшчэ гэта своеасаблівы сплаў навукі, культуры і адукацыі. Збіраючы, калекцыяніруючы, захоўваючы, дакументуючы і даследуючы, яго супрацоўнікі фарміруюць культурны асяродак будучыні, развіваюць патрэбнасць у цяперашняга пакалення беражліва адносіцца да культурных каштоўнасцей. Пра тое, чым і як жыве наш гісторыка-краязнаўчы музей, і гутарым з загадчыкам Антанінай Сцяпанавай.
— Бясспрэчна, музеі займаюцца патрэбнай і высакароднай справай — падтрымліваюць духоўную сувязь часоў, пераемнасць пакаленняў, захоўваюць і памнажаюць спадчыну мінулага, багатыя шматвекавыя традыцыі, — адзначае яна. — Наш музей адносна малады, доўгі час шукаў менавіта той шлях развіцця, па якім зараз паступова рухаецца наперад. Творчы калектыў у складзе старшага і малодшага навуковых супрацоўнікаў Марыі Саканцавай і Алега Вараненка вядзе значную навукова–даследчую работу. Асноўная ўвага ўдзяляецца збору і апрацоўцы матэрыялаў і музейных прадметаў для стварэння цікавых і змястоўных экспазіцый. Толькі летась праведзены 11 пошукавых экспедыцый па горадзе і раёне. У фонды трапіла 545 прадметаў, з якіх 204 — экспанаты ў асноўны, а 341 — у навукова–дапаможны. Зараз іх усяго маем звыш 7 тысяч. Гэта прадметы сялянскага быту і ваенных гадоў, фотадакументы, мастацкія і пісьмовыя крыніцы і г.д. За імі старанна сочыць захавальніца фондаў, яна ж і мастак Кацярына Шчацінка, якой дапамагае аглядальнік залаў Ася Віктароўская. Многае створана рукамі рабочага Юрыя Вежнаўца.
— Аб рабоце па стварэнні экспазіцый раскажаце?
— Адзін з самых цікавых — археалогія Асіповіччыны. Шмат часу вывучаліся матэрыялы, звязаныя з археала–гічнымі раскопкамі ў раёне ў розныя гады, навуковыя супрацоўнікі ўдзельнічалі ў раскопках замчышча ў Свіслачы. Вялікую ўвагу надаём пошукам дакументаў, фотаздымкаў і экспанатаў, звязаных з гісторыяй Свіслацкага княства. Распрацаваны мастацкі праект экспазіцыйнага комплексу “Свіслацкі замак”. Працуем і над удасканаленнем ужо створанай экспазіцыі, звязанай з гісторыяй станаўлення і развіцця чыгункі, асабліва што тычыцца станцый Асіповічы, Дараганава, Завішын. Паралельна працуем і над такімі раздзеламі, як “Грашовае абарачэнне ў Расійскай імперыі: 1780-1917 гг.”, “Кіраўнікі Расійскай імперыі. Сімволіка”, “Гісторыя горада і раёна”.
— У музей прыходзяць людзі рознага ўзросту і статусу. Чым прывабліваеце іх?
— Калі чалавеку спадабаецца, то ён вернецца, прывядзе з сабой родных, сяброў, знаёмых, таму імкнёмся зрабіць музей месцам, куды можна прыйсці з сям’ёй і цікава правесці вольны час. Выкарыстоўваем розныя формы работы. Сучасны музей — гэта не толькі экспанаты, але і адукацыя, забавы, творчыя эксперыменты. Летась праведзена 120 экскурсій, сёлета — 84. Асабліва запатрабаваны залы “Этнаграфія і быт. Вяселле”, “Вялікая Айчынная вайна”, пастаянна дзейнічаючая галерэя Уладзіміра Стэльмашонка. Карыстаецца попытам і новая экспазіцыя, прысвечаная сям’і Дараган, што адкрылася год таму. Наша ўстанова стала асветніцкай пляцоўкай для правядзення гутарак з цыкла “Духоўныя сустрэчы” з айцом Максімам (Юндзілам). Пакладзены пачатак цеснага супрацоўніцтва з мясцовымі краязнаўцамі — практычная канферэнцыя з іх удзелам атрымала шырокі рэзананс, і па яе матэрыялах складзены зборнік.
Летась у нас пабывала звыш 6 тысяч чалавек, у тым ліку на бясплатных экскурсіях — каля паўтары тысячы, сярод якіх ваеннаслужачыя, інваліды, ветэраны вайны і працы. Дарэчы, гадавы план па наведваннях выканалі на 104 працэнты, па пазабюджэтнай дзейнасці — на 125.
— У музеі рэгулярна ладзяцца выставы. Найбольш значныя назавеце?
— Такая форма работы не толькі фарміруе кругагляд наведвальнікаў, але і ўплывае на папаўненне бюджэту. Летась запрашалі землякоў на 24 выставы. З фондаў музея дэманстравалі праваслаўныя іконы, работы Уладзіміра Стэльмашонка і Ігара Лізуры. Спадабаліся міні–выставы “Бабін кут”, “Мяккая этнаграфія”, “Дарэвалюцыйныя здымкі асіпаўчан”, “Макеты ваеннай тэхнікі”. Сярод прывезеных — “Лялечнае каралеўства”, “Паляванне княгіні Марыі Гегенлоэ”, “Свет ікон Марыі Сянько”. На дапамогу прыходзяць асіповіцкія ўмельцы і калекцыянеры, якія рады прадставіць–паказаць сваё “багацце” землякам.
— Можа агучыце топ самых цікаўных экспанатаў?
— З усяго пераліку нават цяжка выдзеліць самае–самае, але калі меркаваць па рэакцыі наведвальнікаў, то гэта — зуб маманта, дарэвалюцыйная газнічка, старадаўні медны гляк, падобны на амфару. Плюс, канечне, льняныя тканыя ручнікі, якім больш за сто гадоў, кованы, на невялічках калёсах, сундук. З пісьмовых крыніц — некаторыя фрагменты “Торы”, польскі малітоўнік і некалькі падшывак часопіса “Работніца і сялянка” сярэдзіны 20-х гадоў мінулага стагоддзя, шкляная бранзалетка ХII стагоддзя. Для дзяцей — кавалак аптычнага прыцэла, дзве ржавыя шашкі ваенных гадоў і процівагаз для каня.
— Што ў планах?
— З асноўнага — працягнем экспедыцыі па раёне. Наперадзе — стварэнне комплексаў “Воіны–інтэрнацыяналісты”, “Падполле” і экспазіцынай залы № 3 “Гісторыя краю ў 1917-1941 гг.”. Абавязкова паўдзельнічаем у рэспубліканскім форуме музеяў, які пройдзе восенню ў Магілёве.
Ніна ВIКТОРЧЫК.