Аварыя на ЧАЭС: нельга забыць

Аварыя на ЧАЭС: нельга забыць

З перасяленцамі з так званай чарнобыльскай зоны асіпаўчане пачалі знаёміцца напрыканцы 80-х гадоў: у некаторых паселішчах раёна спецыяльна будаваліся дамы, якія так і называліся ў народзе — “чарнобыльскія”. Асіповіччыну чорнае воблака мінула, і гэтая важная акалічнасць прывяла сюды і сям’ю Астраўцовых з горада Веткі. Іх гісторыя адсялення пачалася ў 1993 годзе — ажно праз 7 гадоў пасля той жудаснай даты…

— Масава з’язджаць з Веткаўшчыны пачалі толькі ў 1990 годзе, — расказвае Мікалай Трафімавіч. — Да гэтага раён чамусьці не лічылі забруджаным. Тады гаварылі пра Брагін, Нароўлю, Хойнікі, а інфармацыю пра Ветку трымалі пад грыфам “сакрэтна”. Але краіна станавілася больш адкрытай, у тым ліку для замежных дэлегацый. Адна такая — японцы і немцы — прыехала і ў наш раён. Да іх тут вымяралі радыцыйны ўзровень прымітыўным ДП-5, калі не памыляюся, зробленым у 60-я гады. Замежныя госці выехалі за горад, памералі ўзровень — і за галаву ўзяліся. На паперу запісвалі лічбы, якія паказваў іх дазіметр, а ў вачах быў страх. Зацікаўлены такімі паводзінамі, выпрасіў тыя запісы ў замежнікаў, каб паглядзець — і ледзьве прытомнасць не страціў! Прыязджалі яшчэ дэлегацыі — жахлівая карціна пацвяр-джалася.

Стала зразумела, што справы кепскія, але ж трэба было яшчэ даказаць, што людзі ў бядзе, што бегчы адсюль трэба было даўно. Дзе узяць афіцыйныя дакументы з вымярэннямі радыяцыі па вёсках? Дапамог выпадак. Зноў у раён прыехалі немцы. Сярод іх — асабісты саветнік канцлера Коля прафесар Ленгфельдар, з якім тады аб’ездзіў уздоўж і ўпоперак усю Веткаўшчыну, замяраючы радыяцыйны фон. Ён літаральна зашкальваў — у некаторых месцах дасягаў 120-130 кюры. Кожная гадзіна жыцця сярод такіх доз азначала набліжэнне канца. Пасля візіту Ленгфельдара у мяне на руках апынуліся патрэбныя дакументы для доказу, што веткаўцы таксама жывуць у зоне забруджвання.

Паколькі працаваў фельчарам на “хуткай дапамозе”, былі і асабістыя назіранні. Пачасціліся выпадкі насавых крывацёкаў у дзяцей, інсульты, кровазліцці ў дарослых. Прычым у знешне здаровых 40-50-гадовых людзей. Ракавыя захворванні таксама сталі нормай. Народ непакоіўся. Марылі аб павышанай аплаце, ільготах, а нічога гэтага не было. Прыйшлося з тымі дакументамі, копіі якіх пакінуў немец, “штурмаваць” Савет Міністраў. Чыноўнікі здзівіліся да-дзеным — маўляў, адкуль яны? Па ўсім было відаць, што такімі лічбамі і самі валодалі. Трапілі з землякамі тады на тэлебачанне, дзе на ўвесь Саюз расказалі пра бяду. Вярнуліся з Мінска пад раніцу — на плошчы чакаў ледзь не ўвесь горад…

Да гэтай пары Астраўцовы захоўваюць у дамашнім архіве тую злашчасную статыстыку. Сказаць, што яны страшныя — нічога не сказаць. Мяркуйце самі. Смяротнасць нованароджаных у 1986 годзе — 4,2 на тысячу, у 1990 — 9,3. Паталогія шчытападобнай залозы ў дзяцей у 1985 годзе не выяўлена, затое ў 1990 у хлопчыкаў і дзяўчынак да 14 гадоў — больш чым у 4 тысяч. У 1989-90 гадах палова дзяцей мела пры нараджэнні дэфекты развіцця. Жанчыны сталі баяцца нараджаць. Павялічылася колькасць псіхічна хворых…

— Каб зберагчы жыццё, трэба было з’язджаць, — уступае ў размову Валянціна Іванаўна, медсястра па адукацыі. — Радыёнукліды трывала заселі ўнутры кожнага з нас. На прыём прыходзіла ўсё больш хворых дзяцей. У душы пасялілася трывога не толькі за сябе, але і за будучае маленькіх пацыентаў. Большасць дарослых разумела, што паратункам стане тэрміновы пераезд у чыстыя зоны. Многія рушылі ў Мінск: там пачалі даваць жыллё. Нам таксама прапанавалі кватэру ў сталіцы, але так атрымалася, што Асіповіччына стала другой ра-дзімай для некаторых нашых родных. У Свіслачы жыла сястра мужа, у Асіповічах — старэйшая дачка і зяць. Ды і малодшая звязала свой лёс з гэтым горадам. Выбар, лічу, зрабілі правільна. Жывём тут больш за 20 гадоў. Трафімавіч дзве трэці тэрміну працаваў на чыгуначным медпункце, я каля дзясятка гадоў медсястрой у стаматалогіі. Думаю, што наш вопыт быў карысным асіпаўчанам…

Узгадваць пра тыя страшэнныя гады балюча, але гэта — частка жыцця. І памяць трымае ўсё да дробязей…

Пасля аварыі на ЧАЭС у Веткаўскім раёне пачалося будаўніцтва добраўпарадкаваных пасёлкаў для перасяленцаў. З’яўляліся новыя школы і дзіцячыя сады, вадаправоды і асфальтаваныя дарогі. І толькі праз 4 гады аказалася, што гэта — адзін з самых забруджаных у Гомельскай вобласці раёнаў. У выніку Веткаўшчына назаўсёды страціла 59 населеных пунктаў, з севаабароту была выведзена трэцяя частка зямель. Для прыкладу, у Нараўлянскім не стала 33 вёскі, Брагінскім — 31, Хойніцкім — 24. З 2005 года Ветка згубіла “права на адсяленне”.

P.S. Астраўцовы, як і многія іх былыя землякі, наведваюць родны горад толькі раз у год — на Радаўніцу. Сустракаюцца на могілках, каб памянуць продкаў, суседзяў. Размовы пра цяперашняе жыццё-быццё, слёзы, боль, радасць — усё ўперамешку. І штогод — свежыя звесткі пра тых, з кім сябравалі, жылі побач, працавалі, але пабачыцца ўжо ніколі не змогуць: тыя без пары адышлі ў нябыт… І ў галаве рэфрэнам гучыць думка: ведалі, але маўчалі. Чаму!?

Ніна ВIКТОРЧЫК.

Последние новости

Власть

“Надо решать вопрос”. Лукашенко поручил разобраться с проблемами на “АМКОДОРе”

21 апреля 2025
Читать новость
Власть

Создать условия для людей. Лукашенко обозначил задачи по развитию поселков городского типа

21 апреля 2025
Читать новость
Новости

Тематическую прямую телефонную линию проведет и.о. первого заместителя начальника Могилевской таможни Дерезовский Дмитрий Евгеньевич

21 апреля 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко во время рабочей поездки в Витебскую область посетил Оршанский лесхоз

21 апреля 2025
Читать новость
Новости

В Осиповичском районе проходит Неделя детской безопасности

21 апреля 2025
Читать новость
Актуальнае

Жыхарка Асіповіцкага раёна Наталля Малая з павагай ставіцца да матулінай спадчыны

19 апреля 2025
Читать новость