Асіповічы: хроніка здарэнняў

РАУС
22 сакавіка на вул. Сумчанкі затрыманы раней двойчы судзімы мужчына з прыкметамі наркатычнага ап’янення, на вул. Камуністычнай — непрацуючы асіпаўчанін, які набыў у нявызначанай асобы 0,5 л спірту. Ад жыхаркі Лапіч паступіла паведамленне аб тым, што невядомы разбіў шкло яе аўтамабіля.
РАСК
Заведзена 8 крымінальных спраў па крадзяжах.
Пракуратурай раёна ўзбуджана справа супраць ялізаўчаніна, які ў перыяд з 6 кастрычніка 2015 па 8 сакавіка 2016 года сістэматычна збіваў сужыцельку.
Распачата справа ў дачыненні службовай асобы, якой 22 студзеня дапушчаны парушэнні правілаў аховы працы, у выніку чаго рабочы аднаго з прадпрыемстваў раёна атрымаў цялесныя пашкоджанні.
У кастрычніку 2015 года раней несудзімы непрацуючы мужчыны на беразе ракі Бярэзіна знайшоў і ў далейшым захоўваў у сваім доме 126 патронаў, якія, згодна з заключэннем экспертызы, з’яўляюцца боепрыпасамі.
ДАI
Папярэджана 122 факты парушэння правілаў дарожнага руху, да адказнасці прыцягнута 4 нецвярозыя вадзіцелі, 53 парушальнікі хуткаснага рэжыму, 14 пешаходаў. Адбылося 5 ДТЗ.
Спецізалятар
Размешчана 48 грамадзян, у тым ліку 5 жанчын, 3 пенсіянеры і столькі ж сямейных скандалістаў.
АУСТ
Зарэгістравана 19 здарэнняў, складзена 103 адміністрацыйныя пратаколы, у спецізалятар дастаўлены 1 чалавек, знойдзена асоба, што знаходзілася ў вышуку. Суправоджана 66 цягнікоў, з якіх знята 4 правапарушальнікі.
Дэпартамент аховы
Складзена 30 адміністрацыйных пратаколаў. Да адказнасці прыцягнута 3 самагоншчыкі, 9 грамадзян, што ў нецвярозым стане знаходзіліся ў грамадскіх месцах, 6 парушальнікаў ПДР, столькі ж асоб, што здзейснілі дробнае хуліганства, і 2 — за дробны крадзеж.
РАНС
22 сакавіка адбыўся пажар жылога дома ў в. Iгнатоўка. Да прыбыцця падраздзяленняў МНС пры тушэнні полымя грамадзянін атрымаў апёкі і быў шпіталізаваны.
IАЖіРС
Складзена 6 адміністрацыйных пратаколаў за парушэнне правілаў лесакарыстання.