У асіповіцкай “раёнкі” — новая ўзнагарода

У штогадовым творчым конкурсе друкаваных і электронных СМI краіны на лепшае асвятленне пытанняў будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл, патрыятычнага выхавання насельніцтва, вынікі якога Міністэрства абароны і інфармацыі традыцыйна падводзяць напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны, высокія ўзнагароды атрымалі ў розных намінацыях і тры выданні Магілёўшчыны — рэдакцыі газет “Асіповіцкі край”, “Маяк Прыдняпроўя” (Быхаў) і “Бабруйскае жыццё”.

— Сёння мы маем права казаць аб высокай эфектыўнасці і выніковасці супрацоўніцтва Узброеных Сіл і сродкаў масавай інфармацыі, — адзначыў міністр абароны генерал-лейтэнант Андрэй Раўкоў. — Пры гэтым пры асвятленні вайсковай тэматыкі ў прыярытэце аб’ектыўнасць і творчы падыход. Пры непасрэдным удзеле СМI грамадскасць штодзённа знаёміцца з вынікамі дзейнасці беларускай арміі, у нашай краіне і за яе межамі добра ведаюць аблічча сучасных Узброеных Сіл Беларусі.
А міністр інфармацыі Лілія Ананіч з задавальненнем дадала:
— Сумесны конкурс з Міністэрствам абароны яшчэ раз паказаў, што глыбокая патрыятычная журналістыка, сродкі масавай інфармацыі выконваюць важную ролю ў развіцці нашай дзяржавы.
