Асіповіцкі РАНС: свята для і насуперак

У гэтым годзе Дзень выратавальніка атрымаўся асаблівым: літаральна за некалькі дзён да свята на нас абрынуліся снегапады — падарункі «Даниэллы» і «Эмы». Але нічога, мы загартаваныя. А ўжо нашы выратавальнікі — тым больш.
І 19 студзеня, насуперак усім нягодам, свята адбылося — ўжо ў 17-ы раз. А для дзевяці супрацоўнікаў Асіповіцкага і Глускага РАНС, якія паступілі на службу ў МНС на працягу мінулага года — упершыню. На ўрачыстым сходзе асабістага саставу двух райаддзелаў, прысвечаным Дню выратавальніка, у прысутнасці калег, кожны з навабранцаў прыняў прысягу на вернасць Канстытуцыі і заканадаўству Рэспублікі Беларусь, пакляўся высока несці гонар і годнасць выратавальніка, абараняць жыццё і здароўе грамадзян.
Са знамянальнай падзеяй маладых супрацоўнікаў павіншавалі начальнікі райаддзелаў Ігар Логвін і Павел Шарснёў, якія адзначылі, што прытрымліваючыся дэвізу «Прафесіяналізм, адвага і гонар», ратавальнікі ў любой сітуацыі заўсёды першымі прыходзяць на дапамогу пацярпелым. З пажаданнямі ўсім супрацоўнікам і іх сем’ям дабрабыту, паразумення і здароўя звярнуўся да прысутных і старшыня раённага аддзялення Беларускай грамадскай арганізацыі ветэранаў органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях «Выратавальнік» Юрый Крышаловіч.
Завяршыў урачыстую цырымонію настаяцель храма Усіх Тужлівых Радасць іерэй Генадзь. Ён звярнуўся да супрацоўнікаў падраздзяленняў па надзвычайных справах з віншаваннямі з прафесійным святам, прыняццем прысягі і Вадохрышчам, якое святкуется ў гэты ж дзень, падкрэсліў значнасць работы выратавальнікаў, пажадаў моцнага здароўя, духоўнага і матэрыяльнага дабрабыту, бяспечных працоўных будняў і блаславіў іх высакародную працу.
Святкаванне працягнулася ў раённым цэнтры культуры і вольнага часу віншавальным канцэртам, у якім усё пра іх і для іх — тых, хто стаіць на варце не толькі нашага спакою, але часам і жыцця. Стаіць і ў будні, і ў святы: нешматлікія вольныя месцы ў глядзельнай зале — для тых, каму сёлета выпала правесці ўрачыстасць на пасту, хто і ў Дзень выратавальніка робіць сваю справу — ратуе людзей.













