Асіповіцкая міжрайінспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету: прырода пад аховай

У большасці краін Еўропы проста так увайсці ў лес атрымаецца далёка не ў кожнага. У нас — значна прасцей, але ж гэта не значыць, што можна рабіць, што захочацца. Iснуе шэраг арганізацый, якія стаяць на варце прыродных багаццяў краіны. У іх ліку і Асіповіцкая міжрайінспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Сёння адна з галоўных задач інспекцыі — дапамагчы, а часам і прымусіць прыродакарыстальнікаў выконваць усе неабходныя мерапрыемствы па ахове сваіх прыродных тэрыторый, выявіць і прадухіліць злачынствы супраць флоры і фаўны. Увогуле, прыродаахоўнікі выконваюць у асноўным кантралюючыя функцыі, а ўжо як арганізаваць парадак на сваёй тэрыторыі — справа менавіта карыстальнікаў: таго ж лясгаса, аб’яднання паляўнічых і рыбаловаў, ваеннага лясніцтва і інш. Пад наглядам міжрайінспекцыі, акрамя нашага, знаходзіцца яшчэ і Глускі раён.
Як адзначае яе начальнік Вячаслаў Гарачы, парушаюць правілы амаль усе катэгорыі насельніцтва. Хто — па банальным няведанні, якое ўсё ж такі не вызваляе ад адказнасці, а хто і наўмысна. Часам і службовыя асобы трапляюць “у рукі” супрацоўнікаў інспекцыі — паблажак у пытаннях аховы прыроды няма нікому. Напры-клад, каля месяца таму на трасе М5 інспектары прыпынілі лесніка дзяржаўнай лесагаспадарчай установы. Выкарыстоўваючы службовыя паўнамоцтвы, ён вырашыў скрасці драўніну пры распрацоўцы лесасекі. Не ўдалося: быў затрыманы. Каля 7 кубаметраў вывезенай сасны перадалі гаспадару — лясгасу, а парушальнік прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці па ч. 1 арт. 10.5 КаАП: штраф ад 10 да 50 базавых велічынь, развітаўся з работай. Дарэчы, за апошні год на парушэннях прыроднага заканадаўства “пагарэлі” 29 службовых асоб.
Бываюць і такія парушальнікі, што паводзяць сябе ў значнай ступені неадэкватна. Напачатку зімы асіпаўчанін вырашыў парыбачыць “таптухай” — забароненай прыладай лоўлі, а калі да яго наблізіліся інспектары, схаваўся ў бліжэйшай канаве. Непадалёк знайшлі невялікі садок, у якім знаходзілася 106 маленькіх рыбак — гэта ўжо крымінальная справа. Выклікалі супрацоўнікаў РАУС, і толькі тады гора-рыбака змаглі выцягнуць з хованкі. Спачатку ён адмаўляў дачыненне да злачынства, пад ціскам відавочных доказаў усё ж прызнаўся, але адміністрацыйнае спагнанне за непадпарадкаванне службовым асобам пры выкананні ўсё ж паспеў зарабіць. Плюс, была распачата крымінальная справа па арт. 281 Крымінальнага кодэкса краіны, і цяпер матэрыялы пайшлі ў суд. “Пацярпела” і кішэнь парушальніка: ужо заплаціў шкоду акаляючаму асяроддзю (19.440.000 рублёў) і кошт рыбы (1.171.800).
Пачаўся год таксама з дастаткова сур’ёзнага парушэння прыродаахоўнага заканадаўства. Мінчанін — дарэчы, жыхары сталіцы шкодзяць прыродзе Асіповіччыны дастаткова часта — прыехаў на выхадныя ў раён на паляванне. Разам з сябрам накіраваўся ў лес у раёне Лучыц. Інспектары праводзілі чарговае кантрольнае палявое мерапрыемства, і, пагадзіцеся, не так часта можна ўбачыць сярод лесу прыпаркаванае аўто. Вось і прыродаахоўнікаў зацікавіла машына, ад якой цягнуліся 2 ланцужкі слядоў, якія метраў праз 300 разышліся. У адным з накірункаў і быў заўважаны Н., які ўжо разбіраў тушу забітага самца казулі весам каля 20 кілаграмаў. Па дакументах паляванне ён вёў на зайца — пераблытаў грызуна з парнакапытным? Да слова, аднеквацца мужчына не стаў, адразу прызнаў віну і, скажам так, стаў дапамагаць “следству”. На сёння паляўнічы заплаціў нанесеную акаляючаму асяроддзю шкоду (каля 25 мільёнаў рублёў) і кошт незаконна здабытай жывёлы (1.470.000) у даход дзяржавы і 5-разовы кошт казулі гаспадару паляўнічых угоддзяў (3.500.000) — вядзецца крымінальная справа. Крыху больш “пашанцавала” яго таварышу — мясцоваму жыхару: “усяго толькі” аказаўся на тэрыторыі, дзе нельга паляваць, са стрэльбай і сабакамі — атрымаў адміністрацыйнае пакаранне ў выглядзе штрафу і пазбаўлення права палявання з магчымай канфіскацыяй зброі.
Гэтыя выпадкі — невялікі пералік таго, з чым рэгулярна прыходзіцца сутыкацца начальніку інспекцыі, яго намесніку Аляксандру Валкавыскаму, дзяржінспектару Аляксандру Садоўскаму, інспектару Наталлі Шарашавец.
I яны спраўляюцца — па выніках работы за 2014 год занялі III месца ў краіне і II — у вобласці. А леташнія лічбы выглядаюць так: праведзена 78 палявых кантрольных мерапрыемстваў, выяўлена 233 парушэнні прыроднага заканадаўства, 13 з іх — з прыкметамі крымінальных спраў. Канфіскавалі ў браканьераў 92 забароненыя прылады лоўлі — рыбалоўныя сеткі — агульнай дліной каля 6 кіламетраў і 13 адзінак агнястрэльнай зброі, у тым ліку 1 незарэгістраваную. У даход дзяржавы пайшло 137 кілаграмаў незаконна злоўленай азёрнай і рачной рыбы і 341 — мяса забітых дзікіх жывёл. Штрафаў накладзена на сумму звыш 319 мільёнаў, а за нанесеную прыродзе шкоду — больш за 1,2 мільярда рублёў.
Марыя ТАЛЕЙКА.