Знаёмцеся: пракурор Асіповіцкага раёна Аляксандр КАНЕЦКI /№ 89/
Як вядома, загадам Генеральнага пракурора
Рэспублікі Беларусь ад 5 жніўня 2010 года пракурор
Асіповіцкага раёна С.М.Парфёнаў прызначаны намеснікам пракурора Магілёўскай
вобласці. I роўна праз два месяцы калектыву нашай пракуратуры быў прадстаўлены
новы кіраўнік — Аляксандр Iванавіч Канецкі.
Нарадзіўся ён 18 мая 1975 года ў гарадскім
пасёлку Бераставіца Гродзенскай вобласці. Скончыў школу, потым — Гродзенскі
дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці “правазнаўства”. З 1997 года лёс звязаны
з Бабруйскам. Патрапіў туды па накіраванні пасля вучобы, амаль 10 гадоў
працаваў старшым следчым пракуратуры Першамайскага раёна, з 1 чэрвеня 2007 года
— намеснікам пракурора Бабруйскага раёна. I вось — новае прызначэнне…
— Канечне, часу прайшло зусім небагата, каб
дасканала ўнікнуць ва ўсе справы і пазнаёміцца з людзьмі і раёнам, — гаворыць
ён, — але першыя ўражанні ад адаптацыйнага перыяду самыя добрыя. Гэта тычыцца і
прыёму з боку кіраўніцтва Асіповіччыны, і калектыву пракуратуры непасрэдна:
супрацоўнікі вопытныя, кваліфікаваныя, абстаноўкай валодаюць, да работы
ставяцца з належнай адказнасцю. У такім рэчышчы на агульную карысць і будзем,
як спа-дзяюся, працаваць.
Чаму звязаў жыццё з правазнаўствам? У сям’і
юрыстаў не было, аднак заўсёды з вялікай цікавасцю ставіўся да ўсяго, што
тычылася закону, расследавання крымінальных спраў. Такога “дабра”, дарэчы, на
Бабруйшчыне хапала — давялося займацца злачынствамі і з выгляду радавымі, і
даволі сур’ёзнымі, складанымі.
Ці вялікая розніца між працай следчага і
намесніка пракурора? Кожная, як лічыць, мае свае нюансы, але па вялікаму ліку
сходнасці больш:
— Следчы, можна сказаць, асабіста адказвае за
тую-іншую справу, бо “вядзе” яе, а я, калі быў намеснікам пракурора, па
пасадавых абавязках курыраваў наглядна-следчае дазнавальніцтва і таму рабілі,
па сутнасці, адну агульную справу: следчыя займаліся расследаваннем непасрэдна,
а сам стараўся падказаць, дасканала распрацаваць найбольш рэальную версію,
дапамагчы на практыцы і г.д. У чым, дарэчы, добра дапамагаў той самы назапашаны
ў мінулым 10-гадовы вопыт следчай работы.
Доўга вагаўся, калі паступіла прапанова
ўзначаліць пракуратуру Асіповіччыны? Не. I не таму, што надта хацелася
“кіраваць”: калі табе давяраюць, то справа гонару — апраўдаць давер’е.
Спецыфіка Асіповіцкага рэгіёна? Канечне, яна ў
наяўнасці: больш насельніцтва — больш крадзяжоў і колькасць злачынстваў. Плюс,
свой “уклад” уносіць аўтамагістраль Мінск-Гомель і вялікі чыгуначны вузел. Але
карэннага адрознівання злачынстваў на Бабруйшчыне і тут практычна няма, усюды
трэба працаваць сумленна, з поўнай аддачай.
Вольны час? Яго не надта багата, але
па-ранейшаму люблю ўзяць у рукі добрую кнігу. Паважаю падарожнічаць разам з
сям’ёй і па Беларусі, і за мяжой пры магчымасці. Займаюся яшчэ больш-менш
плаваннем, з задавальненнем хаджу ў лес па грыбы.
Цікавіцеся сям’ёй? Разам са сваёй палавінай —
Вольга Віктараўна працуе кансультантам у судзе Бабруйскага раёна і зараз
знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку — выхоўваем дваіх дзяцей: старэйшай Ксеніі 9
гадоў, малодшаму Аляксею яшчэ няма і трох.
Як стаўлюся да такога жанру літаратуры, як
дэтэктыў? Калі і станоўча, дык менавіта да класічнага, да “старых” аўтараў —
Эдгара По, Конан Дойла, Агаты Крысці.
— Разумею,
што цяпер будзе цяжэй і адказней, чым на Бабруйшчыне, але памятаеце трапныя
словы, што дарогу адолее толькі ідучы? Вось імі і кіруюся па жыцці. Бо калі
баяцца цяжкасцей, то разлічваць на поспех наў-рад ці варта, — падвёў рысу
размове Аляксандр Iванавіч.
Віталь КУЛАКОЎ.