«Хвойныя» вёскі на Асіповіччыне. Усім — дабрабыту і здароўя

«Хвойныя» вёскі на Асіповіччыне. Усім — дабрабыту і здароўя

Навагодняе свята немагчыма ўявіць без прыгажуні ёлкі. Ззяюць-пераліваюцца яны рознакаляровымі агеньчыкамі на плошчах, вуліцах, у дамах. Зараз многія аддаюць перавагу штучным прыгажуням, але па-ранейшаму карыстаюцца попытам лясныя гадаванцы: свежы лясны пах ялінак стварае ўзвышаны настрой…

Дарэчы, людзі заўсёды з павагай адносіліся да вечназялёных дрэў — нават называлі паселішчы ў іх гонар. На карце Асіповіччыны таксама ёсць найменні, звязаныя з галоўнымі сімваламі Новага года — ёлка, сасна. Гэта — Вялікі Бор, Заельнік, Сасновы і Ялцоўка. І «АК» павіншаваў з надыходзячым святам сяльчан, якія жывуць тут.

Першая вёска носіць назву, не сугучную са словамі ёлка і сасна, але, як вядома, менавіта ў бары яны і  растуць. Жыве ў Вялікім Бары, які знаходзіцца ў Дрычынскім сельсавеце, 176 чалавек, у тым ліку 20 дзяцей і 38 пенсіянераў. Сярод апошніх стараста вёскі Валянціна Дашкевіч.

— Пасяліліся тут разам з мужам у 1983 годзе, — гаворыць жанчына. — Непадалёк лес, які радуе разнастайным багаццем. Ёсць у ім і елкі-сосны. Раней перад Новым годам гаспадар або сын сякеру за плечы — і выбіраць ёлку. Доўга блукаюць, пакуль не патрапіць на вочы самая прыгожая. Зараз, безумоўна, усё па законе — у лес ні нагой. Хочаш, каб у хаце на свята пахла сапраўднай хвояй? Не праблема: лясніцтва прадае па даступнай цане — менавіта там і набываю. Цацак для ўпрыгожвання хапае, яшчэ з савецкай пары засталося многа. Але і сучасныя пластмасавыя шары ёсць — у гандлёвых кропках іх хапае на любы густ. Заўсёды, калі пачынаю прыбіраць ёлку, успамінаю дзяцінства. Яно прайшло ў Казахстане, куды бацькі прыехалі, каб асвойваць цалінныя землі. На канец 50-х гадоў мела гады 4-5, і стрыечная сястра прывяла мяне ў школу на ёлку. І якое было здзіўленне, што замест прывычнага беларусам дрэва ў зале стаяла… бяроза з жоўтымі лістамі! Упрыгожана была ватай, папяровымі рознакаляровымі гірляндамі і сцяжкамі. Дзеці вадзілі карагоды, пелі песні, расказвалі вершы. Дзед Мароз і Снягурка давалі падарункі — цёплыя ўспаміны… Дома ж мама ўпрыгожвала яловыя лапкі, якія пасылкай высылаў дзядзька з Волагды. Абавязкова дзялілася галінкамі з суседзямі. Пах тых хваінак запомніўся назаўжды, таму ніколі не памяняю жывую ялінку на штучную. Лясная прыгажуня заняла пачэснае месца ў доме перад каталіцкім Божым нараджэннем. Дзеці і ўнукі сёлета нас з мужам павіншуюць з Новым годам па тэлефоне. Да святочнага стала рыхтуем розныя прысмакі. Па прыкмеце ж: як сустрэнеш, так і правядзеш. І абавязкова пойдзем у мясцовы клуб — будзем весяліцца з аднавяскоўцамі да раніцы.

У Заельніку Ясенскага сельсавета жыве 54 чалавекі: 31 — працуючы, 19 — на заслужаным адпачынку і 4 дзяцей. Сяргей і Надзея Сахон пераехалі сюды з Бабруйскага раёна.

— Падабаецца мясцовасць, — гаворыць Надзея Уладзіміраўна. — Вакол лес, шмат ялінак і хвоек. Але ў доме ставім штучную ёлку: купіў адзін раз — і на ўсё жыццё… У дзяцінстве разам з мамай упрыгожвала жывую зялёную прыгажуню. Цацак нямнога было, таму вешалі цукеркі, яблыкі. Бацькі клалі пад ёлачку што-небудзь смачнае. Сваім дзеткам шыла навагоднія строі Сняжынкі, Феі, Ночы. Ды і другія матулі рабілі гэтак жа, гэта цяпер карнавальныя касцюмы купляюць у магазінах. Прыход свята ў вёсцы не надта адчуваецца: клуба няма, каб схадзіць на прадстаўленне з Дзедам Марозам і Снягуркай, жадаючых ператварыцца ў гэтых персанажаў і прайсціся з віншаваннямі па хатах таксама не назіраецца. Кожны гаспадар стварае святочны настрой сабе сам або з дапамогай тэлевізара. І будзем чакаць у госці дзяцей.

Пасёлак Сасновы Лапіцкага сельсавета налічвае 220 жыхароў: працаздольных — 108, дзяцей — 32, пажылых — 80. У надыходзячым годзе паселішча адсвяткуе 50-годдзе існавання. Амаль столькі ж тут жыве былы загадчык мясцовага клуба Анатолій Бобр.

— Свайму ўзнікненню пасёлак абавязаны будаўніцтву радыёперадаючага цэнтра, — расказвае ён. — Відаць, першапасяленцы, абмяркоўваючы найменне, вырашылі так назваць паселішча, бо вакол растуць сосны. У той, цяпер ужо далёкі час пасялкоўцы жылі весела і дружна. Да святкавання Новага года рыхтаваліся грунтоўна. Для дзяцей праводзіліся шыкоўныя ранішнікі, для дарослых — балі-маскарады, “блакітныя агеньчыкі”, дзе збіралася пад 100 чалавек. Ёлку прывозілі леснікі, і штогод яна выглядала непаўторна. Заўсёды было многа прызоў і сувеніраў. Людзі прыходзілі ў карнавальных касцюмах, якія самі і рыхтавалі. Зараз не так ўсё шчыра і душэўна — людзей у клуб прыходзіць малавата…

Яльцоўка — па-ранейшаму, Ялцоўка — па-цяперашняму. Размешчана таксама ў Лапіцкім сельсавеце. Пражывае 51 чалавек: дзяцей — 5, працаздольных — 38, пенсіянераў — 8. Муж і жонка Аляксандр і Вера Курчэўскія адносяцца да апошняй катэгорыі. Разам жывуць амаль 50 гадоў. І ўвесь час — тут.

— Новы год — свята сямейнае, — гаворыць Вера Сцяпанаўна. — Бацькі-калгаснікі хоць і не надта былі заможныя, але ёлку ставілі заўсёды. Традыцыю падтрымліваю. Дзецям заўсёды былі добрыя падарункі з цукеркамі ад прафкамаў арганізацый, дзе з гаспадаром працавалі. Абавязкова гатавалі смачныя стравы, не абыходзячыся без традыцыйнага “гарошку”. У першы дзень года збіраемся ў брата — адзначаем яго дзень нараджэння. Як заўсёды, абменьваемся віншаваннямі з суседзямі, зычым дабрабыту і здароўя.

Ніна ВІКТОРЧЫК.

Последние новости

Общество

Прокуратура Осиповичского района потребовала устранить нарушения в сфере увековечения памяти о погибших при защите Отечества и сохранении памяти о жертвах войн

24 апреля 2026
Читать новость
Общество

Гороскоп на 24 апреля для всех знаков Зодиака

24 апреля 2026
Читать новость
Общество

Гороскоп на 23 апреля для всех знаков Зодиака

23 апреля 2026
Читать новость
Культура

Что посмотреть на неделе в Осиповичах? Афиша кинотеатра «Родина»

22 апреля 2026
Читать новость
Власть

Филигранная точность на скорости 200 км/ч. Лукашенко показали возможности дронов и их операторов

22 апреля 2026
Читать новость
Власть

Лукашенко поручил ужесточить подготовку водителей в автошколах

22 апреля 2026
Читать новость