Асіповічы: запытацца ў міністра. Гутарым з Андрэем Каўхутам

Днямі ў нашым раёне праводзіў прыём грамадзян міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя краіны Андрэй Каўхута. Сваю сённяшнюю пасаду Андрэй Марленавіч займае каля паўгода, і для яго гэта было, бадай, першае знаёмства з Асіповіччынай, яе экалагічнымі асаблівасцямі. I падчас сустрэчы з землякамі была агучана толькі адна вострая рэгіянальная праблема — зубры.
Сёння іх статак складаецца мінімум з 300 асобін, што значна перавышае “магутнасць” кармавой базы мясцовага прыроднага наваколля. Жывёлы-чырванакніжнікі адчуваюць сябе ў поўнай бяспецы і без аніякіх праблем знаходзяць сабе ежу ў каштоўных пасадках лясных культур, на палетках сельскіх гаспадарак. Зубрыныя “набегі” наносяць шкоду ўжо не толькі Асіповіцкаму, але і прылягаючым раёнам Міншчыны.
На пакрыццё ўзгаданых страт прадугледжана выдзяленне бюджэтных сродкаў, аднак з кожным годам знаходзіць патрэбныя сумы ўсё цяжэй. ДДЛГУ “Асіповіцкі доследны лясгас” мае магчымасць весці выбракоўку пэўнай колькасці жывёл, аднак у рэчаіснасці “штучны адбор” не спрацоўвае. Адстрэл зуброў можна весці толькі падчас камерцыйнага палявання, аднак кошт ліцэнзіі — 14 тысяч еўра — празмерны не толькі для беларускіх паляўнічых. Да прыкладу, куды больш экзатычнае паляванне на слана ў Афрыцы па сістэме “ўсё ўключана” разам з транспартнымі расходамі каштуе танней — 15 тысяч долараў.
Калі казаць пра іншыя спосабы рэгулявання колькасці жывёл — напрыклад, рассяленне ў іншыя рэгіёны — то тут прыярытэт мае Белавежская пушча…
Галоўны эколаг краіны адзначыў, што цяжар “зубрынага ціску” на беларускую прыроду выклікае вялікую занепакоенасць, аднак знайсці эфектыўны спосаб яго змяншэння няпроста. Папуляцыі зуброў — усе, не толькі беларуская — генетычна вельмі слабыя, таму, нягледзячы на значны памер, усё яшчэ застаюцца пад пагрозай вымірання. У такіх умовах каштоўнасць для існавання гэтага віду жывёл мае кожная асобіна, а паляпшэнне зубрынага генафонду магчыма толькі праз аб’яднанне намаганняў усіх краін, якія маюць ці жадаюць мець уласных “лясных волатаў”. Пэўныя зрухі тут ужо намячаюцца: 12 асобін беларускіх зуброў набыў Казахстан, вядуцца перамовы з Польшчай і Літвой аб стварэнні трансмежнага рэзервата.
Што ж тычыцца тэрыторый, дзе зубры наносяць шкоду народнай гаспадарцы, то праблема абавязкова будзе разглядацца на ўзроўні Мінпрыроды і Мінлясгасу.
Адказаў кіраўнік Мінпрыроды і на пытанні карэспандэнта “раёнкі”.
— Напрыканцы кастрычніка перад удзельнікамі Камітэта па экалагічнай палітыцы ААН быў агучаны трэці Агляд выніковасці экалагічнай дзейнасці Рэспублікі Беларусь. З гэтай нагоды хацелася б удакладніць, як былі ацэнены намаганні нашай краіны ў галіне аховы навакольнага асяроддзя і што дае айчыннай экалогіі вердыкт ААН?
— Ацэнка ў цэлым станоўчая па ўсіх прадугледжаных умовамі Агляду параметрах: стан і колькасць ахоўваемых тэрыторый, абарачэнне з адыходамі, чысціня вады, паветра і г.д. Прынамсі, сёння, напярэдадні распрацоўкі і падпісання новага пагаднення па клімаце, якое пройдзе напачатку снежня ў Парыжы, дасягненні ў галіне аховы паветра маюць асаблівае значэнне. Беларусі ж сапраўды ёсць чым ганарыцца: у перыяд з 2009 па 2013 гады атмасферныя выкіды ад транспарту скараціліся на 21 працэнт, нягледзячы на павелічэнне колькасці аўтатэхнікі на 15 працэнтаў, рост спажывання вадкага паліва — на 16, газападобнага — на 77 працэнтаў.
У тым, каб уплывовыя міжнародныя арганізацыі былі дасведчаны пра стан нашай прыроды, у першую чаргу зацікаўлены беларускі бок, паколькі станоўчая дынаміка ў вырашэнні сур’ёзных экалагічных задач з’яўляецца важным элементам павышэння знешнепалітычнага іміджу краіны.
Беларусь шмат зрабіла, каб мець рэпутацыю перспектыўнага партнёра, сумесная дзейнасць з якім у галіне аховы навакольнага асяроддзя выгадна для Еўрасаюза. Адсюль — спрашчэнне доступу да сучасных прыродаахоўных тэхналогій і фінансавых рэсурсаў, якія размяркоўваюць міжнародныя фонды. На апошнім хацелася б зрабіць асаблівы акцэнт. Еўрапейцы насамрэч згодны фінансаваць цікавыя экалагічныя праекты самых розных маштабаў, з якімі выступае беларускі бок: дзяржаўныя структуры, грамадскія арганізацыі, нават асобныя энтузіясты. Мінпрыроды таксама гатова рабіць усё магчымае, каб колькасць такіх сумесных праектаў павялічвалася.
— Гаворачы пра развіццё міжнародных сувязей айчынных эколагаў, Вы аддалі перавагу заходняму вектару. А як жа нашы партнёры па Еўразійскаму саюзу?
— З расійскімі і казахскімі спецыялістамі ў галіне аховы навакольнага асяроддзя вядзецца сістэмная работа па гарманізацыі экалагічнага заканадаўства, распрацоўваюцца і рэалізуюцца праграмы супрацоўніцтва па асобных накірунках дзейнасці, існуе нават графік правядзення сумесных калегій на ўзроўні міністэрстваў.
Безумоўна, ідзе ўзаемавыгадны абмен вопытам. Напрыклад, Казахстан зацікаўлены ў асваенні айчынных напрацовак па абарачэнні адыходаў, Расія бачыць многа карыснага ў нашых метадах работы з ахоўваемымі тэрыторыямі. Беларусь жа мае патрэбу ў інфармацыі па перапрацоўцы гіпсаўтрымліваючых адыходаў, здабычы карысных выкапняў і зацікаўлена ў арганізацыі канцэсій на распрацоўку радовішчаў тых з іх, якія па тэхнічных і экалагічных прычынах не можа асвойваць уласнымі сіламі.
— Міністэрства прыродных рэсурсаў — галоўны каардынатар прыродаахоўнай дзейнасці, якая, у сваю чаргу, не можа весціся ў адрыве ад дзейнасці эканамічнай, залежыць ад фінансавых магчымасцей дзяржавы і пазіцыі грамадства. З улікам узгаданых фактараў уплыву, якім курсам рушыць айчынная экалогія?
— Асноўная тэндэнцыя — стымуляваць экалагічную свядомасць не толькі адміністрацыйнымі пакараннямі, зрабіць прыродакарыстанне і ахову навакольнага асяроддзя эканамічна выгаднымі. Як сведчыць вопыт многіх еўрапейскіх краін, гэта цяжка, доўга і дорага. Але пры ўмове правільнага вызначэння прыярытэтаў і аб’яднанні намаганняў, гэта цалкам дасягальная мэта.
Пярвейшая задача тут — значнае, у 3-4 разы, павелічэнне аб’ёму выдзяляемых з адыходаў і перапрацоўваемых другасных рэсурсаў. Разлікі паказваюць, што, сярод іншага, для яе вырашэння трэба пабудаваць у кожным раёне сучасны завод па перапрацоўцы цвёрдых бытавых адыходаў і абавязкова наладзіць дзейсную сістэму ўтылізацыі наф-тапрадуктаў. У Крупскім раёне ўжо пабудаваны завод, дзе з небяспечнай для прыроды “нафтахіміі” вырабляюцца прадукты, вельмі патрэбныя для паляпшэння якасці калійных угнаенняў і выпуску сучасных будаўнічых матэрыялаў. Сёння гэтае прадпрыемства працуе далёка не на поўную магутнасць, тады як востра неабходная для яго сыравіна спальваецца ў кацельнях альбо выліваецца на зямлю…
Што тычыцца структур, з якімі Мінпрыроды мае агульныя інтарэсы і трывалую базу для цеснага супрацоўніцтва ва ўдасканальванні эканомікі прыродакарыстання, то іх шмат. Акрамя традыцыйных партнёраў — Міністэрстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, эканомікі, лясной і сельскай гаспадаркі — узгадаю Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, Дзяржкаммаёмасць, Дзяржстандарт, Міністэрствы абароны і ўнутраных спраў. Экалагічныя аспекты дзейнасці некаторых з пералічаных ведамстваў відавочныя, у іншых патрабуюць тлумачэння. Так, дзякуючы інфармацыі, якую прадаставілі спецыялісты Дзяржкаммаёмасці, былі складзены дакладныя карты дэградацыі зямель. Сёння яны аналізуюцца экспертамі Мінпрыроды, і ўжо зыходзячы са зробленых высноў будзем шукаць аптымальныя шляхі вырашэння гэтай праблемы.
Гутарыў Дзмітрый САЎРЫЦКI.

