Ялізаўскія хваляванні: звонку і знутры

У гэтым годзе Ялізава некалькі разоў вельмі гучна “засвяцілася” ў рэспубліканскіх друкаваных і электронных СМI. Прычым нагодамі для ажыятажнай цікаўнасці сталі далёка не самыя прыемныя для пасялкоўцаў падзеі. Спачатку быў арыштаваны Аляксандр Мураўёў — глава холдынгу “АТЭС”, якому належыць 65% акцый СЗАТ “Шклозавод Ялізава”, потым выявілася буйная фінансавая афера работніцы мясцовага аддзялення “Беларусбанка”. І, нарэшце, сход акцыянераў прыняў рашэнне аб’явіць завод банкрутам. Аднак з першай спробы гэта зрабіць не атрымалася: гаспадарчы суд Магілёва вярнуў падрыхтаваную заяву аб прызнанні эканамічнай неплацежаздольнасці на дапрацоўку…
З пункту гледжання старонняга назіральніка ўсе гэтыя непрыемнасці павінны стварыць у пасёлку даволі змрочную псіхалагічную атмасферу. Аднак старшыня Ялізаўскага сельвыканкама Аляксандр Ждановіч не заўважыў, каб людзі апусцілі рукі:
— З прагрымеўшых на ўсю краіну навін найбольш зачапіла пасялкоўцаў грашовая афера. Па справе аб махлярстве банкаўскай супрацоўніцы ўзбуджана крымінальная справа, так што прыйдзецца пакуль абысціся без асаблівых падрабязнасцей. Скажам так, яна карысталася службовым становішчам, каб мець незаконны доступ да банкаўскіх укладаў землякоў, і будавала штосьці накшталт “фінансавай піраміды”, у якую ўцягнула, бадай, чвэрць ялізаўчан. Падманутыя людзі з вялікай крыўдай успрымаюць свае страты і, хоць трымаюць сябе ў руках, эмоцыі стрымліваюць не заўсёды. Сама антыгераіня ўладкавалася на работу ў Бабруйску — каб лішні раз не трапляць на вочы землякам, таму за яе грахі ўвесь цяжар маральнай адказнасці даводзіцца несці мужу ды дочкам, якія пастаянна жывуць і працуюць у Ялізаве.
А вось шклозаводскія перыпетыі ўспрымаюцца досыць спакойна. Гэта, безумоўна, заслуга генеральнага дырэктара прадпрыемства Аляксандра Шнэка, які шчыра і своечасова даводзіў да работнікаў сэнс паўстаўшых перад калектывам праблем і не рабіў таямніцы з планаў, якія імкнуўся рэалізаваць. Планы, відаць, мелі плён: завод працягвае выпуск прадукцыі, а персанал атрымлівае своечасовыя заробкі. Зразумела, іх памер адчувальна менш, чым у лепшыя часы, але ж у сярэднім дастатковы, каб забяспечваць прымальны ўзровень дабрабыту. Пэўная колькасць рабочых месцаў на заводзе і звязаным з ім прад-прыемствам “Ялізава-сэрвіс” была выслабанена, аднак напружанасці з сітуацыяй на мясцовым рынку працы няма: хто жадаў мець работу, той яе атрымаў хутка. Многія пасялкоўцы знайшлі сабе справу ў Асіповічах, частка — уладкавалася ў калгасы ААТ “Бярэзіна-Агра-Люкс” і філіяле “Белшына-агра” альбо ў Бабруйску. Некаторыя кваліфікаваныя шклавары ездзяць у Расію, дзе працуюць на прадпрыемствах шкларобчай прамысловасці вахтавым метадам: два тыдні там, два дома. Так што колькасць беспрацоўных і “дармаедаў” у Ялізаве не больш, чым у сярэднім па раёне.
Аб нармальным псіхалагічным мікраклімаце пасёлка сведчыць і статыстыка зваротаў у сельвыканкам. Іх не стала болей, ды і тэматыка не змянілася: пераважна маёмасныя канфлікты ды разнастайныя пытанні камунальнай гаспадаркі.
Між іншым, развіццё бытавой інфраструктуры — адно з насамрэч вострых пытанняў ялізаўскай рэчаіснасці. Значная частка пасёлка — мікрараён “Сляпянка” — яшчэ не падключана да цэнтральнага водазабеспячэння. На поўнамаштабную рэалізацыю гэтай справы пакуль грошай няма, хаця замінка не толькі ў фінансах.
ДУКВП “Водаканал”, якое некаторы час назад працавала ў пасёлку на іншым аб’екце, у ініцыятыўным парадку працягнула магістральны трубаправод да “Сляпянкі” і мела магчымасць адразу падключыць да доўгачаканай выгоды чатыры бліжэйшыя да трубаправода сядзібы. Дык вось ніхто з іх гаспадароў не пажадаў заплаціць за выкананне патрэбных работ! Калі б гаворка ішла пра вялізныя грошы, то можна было б зразумець такую асцярожнасць, але ж для таго, каб атрымаць персанальны водаправод, трэба было ўкласці ў яго будаўніцтва па нейкіх 350-500 тысяч рублёў! Чаму адмовіліся? Пасялкоўцы разлічваюць, што гэты аб’ект будзе ўнесены ў абласную праграму водазабеспячэння і пабудуецца за дзяржаўныя сродкі. Магчыма, спадзяванне на бюджэтную “халяву” спраўдзіцца, але можа і не…
Яшчэ адна істотная справа, якая хвалюе значную частку мясцовых жыхароў, — газіфікацыя мікрараёна “Прыгарадны”. Праект ёсць, застаецца толькі вырашыць шэраг пытанняў па крэдытаванні. Спатрэбяцца пэўныя намаганні, аднак ялізаўчане ўмеюць адстойваць свае інтарэсы і самаарганізоўвацца для вырашэння агульных праблем. Прыклад таму — адмена прыпынку пасажырскага цягніка, якім пасялкоўцам было зручна дабірацца ў Асіповічы і Мінск. Змагацца “за праўду” давялося доўга, але з 12 снежня непрыемны дэфект у транспартным забеспячэнні Ялізава будзе ліквідаваны.