Напярэдадні прафесійнага свята аграрыяў

Напярэдадні прафесійнага свята аграрыяў

У кожнага сельгаспрадпрыемства свой лёс, пройдзеныя шляхі-дарогі. Калгас — не проста “калектыўная гаспадарка”, гэта частка жыцця некалькіх пакаленняў. Нават крыху шкада, што ўжо праз год сама назва “калгас” для Асіповіччыны стане гісторыяй: усе сельскагаспадарчыя кааператывы стануць адкрытымі акцыянернымі таварыствамі. Напярэдадні прафесійнага свята аграрыяў і 85-й гадавіны “Авангарда” за “круглым сталом” і сустрэліся з тымі, хто шмат гадоў аддаў гэтаму СВК, каб разам прайсціся па сцежках дзён мінулых і заглянуць крыху наперад.

Алена Яўгеньеўна КАНДРАЦЁНАК, загадчыца МТФ “Зборск”:

Многае ў жыцці звязана менавіта з фермай, якую ўзначальваю вось ужо амаль тры дзясяткі гадоў. Адна з нашых стратэгічных задач сённяузнаўленне статка для ўсіх МТФ гаспадаркі.

Які крок у вытворчасці малака можна назваць найбольш важным? Безумоўна, устаноўка малакаправода. У нас гэта адбылося 5 гадоў назад, і работа ў цэлым і якасць малака сталі лепшымі. Канечне, крыху зайздросцім новаму комплексу ў Вяззі, дзе функцыянуе даільная залаЕлачка”, ферме ў Лучыцах з найноўшым абсталяваннем, але разумеем, што ўсе фермы адразу калгас мадэрнізаваць не можа. Дысцыпліна і добрыя ўмовы дазволяць Зборску трымаць марку і далей.

Васіль Мікалаевіч КАНДРАЦЁНАК, механізатар:

— Цікавых і значных момантаў у працоўным жыцці было шмат. Памятаю, як мне першаму было даручана асвоіць буракаўборачны камбайнХолмер”. Цяпер гэтаму жалезнаму памочніку, які ў раёне ў нас адзін, ужо 11 гадоў, а тады ён у пэўнай ступені лічыўся дзівам на полі. Буракі для гаспадаркі заўсёды былі важнай культурай, а з прыходам камбайна пачаўся новы этап ва ўборцы. Да гэтага ішоў трактар, які проста падразаў караняплоды, людзі абцярэбвалі буракі, складалі іх у кучы, якія потым звозілі ў агульны бурт. Наогул, буракі былісвятым” абавязкам кожнага калгасніка: абавязкова выдзялялі надзел сотак на 20 і болей. Трэба было ўручную зрабіць прарэджванне, некалькі праполак, потым убраць. На полі ўжо халодна, рукі пасінеюць, а іх трэба чысціцьКанечне, не параўнаць з тым, што сёння: насенне ідзе апрацаванае, праводзяцца хімпраполкі. Раней нават ва ўраджайны год не мелі такой аддачы, як цяпер.

Кацярына Васільеўна ХЛУС, ветэран працы, уладальніца сярэбранага медаля ВДНГ:

Працавала галоўным бухгалтарам калгаса з 1960 па 1995 год. У бухгалтэрыі рабіла пяць спецыялістаўпа раслінаводстве, жывёлагадоўлі, зарплаце, намеснік галоўнага, але ўсё роўна было складана: у гаспадарцы налічвалася каля чатырох соцень чалавек. I ўсё ж нярэдка меў месца недахоп кадраў, даводзілася самой выконваць работу ў свабодным звяне. Ды і як толькі патрабаваліся людзі на поле, то ўсе ішлі дапамагаць. Асобная справагадавая справаздача, якая займала прыблізна 130 лістоў і патрабавала каля месяца напружанай працы. Розныя падлікі тады рабіць было няпроста: спачатку выкарыстоўвалі арыфмометр, потым стала сапраўдным прагрэсам дапамога “Электронікі”.

Міхаіл Максімавіч IСАЕНКА, ветэран працы, уладальнік ордэна “Знак Пашаны”, сярэбранага медаля ВДНГ:

— На пенсіі ўжо 17 га-доў, але, мабыць, не было такога дня, каб не ўспомнілася ветэрынарская работа. Якраз працаваў у перыяд, калі значная ўвага надзялялася птушкагадоўлі. Найбольш птушнікаў — 6 памяшканняўбыло напрыканцы 60-х. У дзвюх былі кураняты, у 4 — куры. У кожным знаходзілася па 20 тысяч асобін, напрыканцы 90-х гадоў было каля 70 тысяч курэй, яшчэ большбройлераў. Канечне, апошніясправа выгадная: за пару месяцаў вырастаюць да кілаграма і болей. Каб накарміць у дзень усюараву” патрабавалася дзесьці 7 тон камбікорму. Аднак птушкіжыўнасць далікатная, любыя адхіленні або няўвага маглі прывесці да вялікіх страт.

Мікалай Iванавіч АХРЭМЕНКА, “Ударнік камуністычнай працы”, уладальнік медаля “За працоўную доблесць”:

— За 53 гады работы ў гаспадарцы змяніў чатыры машыны — ездзіў на “Газ-51”,”Газ-53”. На ўборцы ўраджаю не раз займаў першыя месцы. Тадыгазон” браў 4 тоны зерняу 2,5 раза менш, чым зараз МАЗ. Вазілі не толькі збожжа, але і бульбу, і буракі. Спецыфічным грузам былі яйкі — амаль праз дзень даводзілася дастаўляць іх у Магілёў. А дарогі тады былі не такія, як зараз, на кожнай ухабіне падскоквала не толькі машына, але і сэрцаперажываў, каб даставіць тавар у цэласці. З Татаркі вазілі торф на падсцілку жывёле, потым ён змешваўся з саломай і ўжо ў такім выглядзе яго можна было выкарыстоўваць як угнаенне. У гаспадарцы, дарэчы, у свой час было каля 70 машын.

Мікалай Аляксандравіч МIРАНОВIЧ, вадзіцель служэбнага аўтамабіля:

Каб старшыня заўсёды мог патрапіць у патрэбнае месца, аўтамабіль пастаянна павінен быў быць у парадку. За 30 гадоў пакруціў баранкі і “Уазікаў”, іВолг”. Першыя былі, каб ездзіць па фермах, палях і сенажацях, другіядля візітаў у горад. Канечне, спакойнай работу не назавеш: маглі выклікаць у любы час сутак у будні і ў выхадныя, асабліва ў гарачую пару. Па вялікім рахунку, дэталёва ведаю работу калгаса, бо рэгулярна бываю на кожным з яго аб’ектаў.

Зінаіда Iванаўна МIХАДЗЮК, інспектар па кадрах, прафсаюзны лідар з 2002 года:

— Усе працаўнікі ўваходзяць у прафсаюзную арганізацыю, што дае каштоўную магчымасць больш шчыльна з імі працаваць. Нярэдка людзі звяртаюцца і з радаснымі падзеямі, і з праблемамі. Iмкнемся выконваць усе пункты калектыўнага дагавора, хоць гэта бывае і складана. Асаблівую ўвагу надаём дзіцячаму адпачынкупуцёўкі ў аздараўленчы лагер атрымліваюць усе жадаючыя. Ну і, безумоўна, прафсаюз побач не толькі ў час розных свят, але і перыяды актыўных сельгасработ.

Віктар Антонавіч МIХАДЗЮК, намеснік старшыні гаспадаркі:

Хачу крыху ўзгадаць гісторыю калгаса. На тэрыторыі Зборскага цяпер Вяззеўскага —  сельсавета ў час усеагульнай калектывізацыі быў арганізаваны шэраг калгасаў: Вяззе — “Авангард”, Цяплухі — “Селькор”, Орча — “Дуброва”, Смык — “Шлях волі” (усе — 1930 год), Зборск — “Сноп” (1931), Вярэйцы — “Звязда” (1932). Збожжа тады прыносіла 10-12 цэнтнераў з гектара, бульба — 100-120. Паступова адбывалася механізацыя сельскай гаспадаркі. За працадзень калгаснік атрымліваў 1 кілаграм зерня і 10 — бульбы.

Пры аб’яднанні на базе калгасаўСелькор”, “Дуброва”, “Авангард”, “Перамога” быў створаны новы — “Авангард”. 3 мая 1950 года яго ўзначаліў Васіль Трафімавіч Клімовіч. Старшынёй ён працаваў да 1979 года. Менавіта пры ім пачалі займацца развядзеннем сажалкавай рыбы.

З гаспадаракЗвязда”, “Сноп” іШлях волі” напачатку стварылі калгасЗвязда”, які ўзначаліў Iван Iванавіч Патапейка, а ў 1958 годзе адбылося новае аб’яднанне: “Звязду” далучылі да “Авангарда”.

У тым жа годзе ліквідаваліся МТС і ўся тэхніка была перададзена калгасам, дзе з’явіліся свае механізатарскія кадры. Наяўнасць спецыялістаў дала магчымасць весці гаспадарку на новым узроўні. Адбываліся вялікія змяненні ў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі і сацыяльным жыцці сяла. Ураджайнасць збожжа паднялася да 30 цэнтнераў на круг, бульбы — 200 і вышэй. На фермах утрымлівалася больш за 2.000 галоў буйной рагатай жывёлы, 1.500 — свіней, птушка. Былі пабудаваны Дом культуры, дзіцячы сад, вырас жылы пасёлак. Калгаснікі сталі жыць у дастатку. Напрыклад, сярэднямесячная зарплата напрыканцы 70-х складала 150-200 рублёў. Гэта былі добрыя грошы.

Працягваўся росквіт гаспадаркі ў 1970-80-я гады. Тады кіраваў ёй Міхаіл Дзмітрыевіч Варабейчалавек, удастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы, ордэнаў Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга. Смела ўкараняліся перадавыя метады арганізацыі працы, прагрэсіўныя тэхналогіі вытворчасці.

У 1997 годзе ўАвангард” уліўся калгасПерамога”. Гаспадарка неаднаразова ўзнагароджвалася пераходнымі сцягамі Савета Міністраў СССР, ВЦСПС і ЦК ВЛКСМ, двойчыордэнам Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай рэвалюцыі іДружбы народаў”.

У сакавіку 2001 года быў далучаны калгасАсіповіцкі”. Такі вось шлях да сённяшняга “Авангарда”.

Сяргей Васільевіч СIДАРЭНКА, старшыня сельгаспрадпрыемства:

Планаў у гаспадаркі многа. Важна выкарыстоўваць той патэнцыял, якім зараз валодаем. Прагрэсіўным крокам у рабоце нашага элітгаса стала ўстаноўка 3 гады назад новай зернеачышчальнай лініі магутнасцю 5 тон пшаніцы ў гадзіну. Тэхніка прадугледжвае не толькі ачышчэнне, але і пратраўліванне насення. Гэта дазваляе пастаўляць больш якасны матэрыял гаспадаркам   Асіповіччыны і іншых раёнаў вобласці.

Асаблівыя спадзяванні ўскладаем на новы комплекс у Лучыцах. Зараз узводзім памяшканне для сухастойных кароў. Калі аднавіць яшчэ два старыя будынкі, шлейф будзе завершаны. Поўнае ўкамплектаванне комплексу дазволіць атрымліваць 10 тон малака штодня, тады як зараз у зімовы перыяд маем каля 7,5 з усёй гаспадаркі. Безумоўна, гэта будзе магчыма пры стварэнні трывалай кармавой базы, і каб рэалізаваць задуманае, трэба добра папрацаваць усяму калектыву.

Заўтра “авангардаўцы” — і цяперашнія, і ўчарашніяадзначаць у Вяззеўскім сельскім Доме культуры двайное свята:

85-годдзе калгаса і Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК. Няхай жа гэта лістападаўская дата стане чарговай прыступкай на іх шляху да будучых поспехаў!

Последние новости

Актуальнае

Жыхарка Асіповіцкага раёна Наталля Малая з павагай ставіцца да матулінай спадчыны

19 апреля 2025
Читать новость
Культура

У Асіповіцкім раённым цэнтры народных рамёстваў праходзяць майстар-класы па падглазураваным роспісе керамікі

19 апреля 2025
Читать новость
Новости

Расписание пасхальных богослужений

18 апреля 2025
Читать новость
Новости

А ведь кто-то из них победит

18 апреля 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко рассчитывает на наращивание динамики межгосударственных отношений с Зимбабве

18 апреля 2025
Читать новость
Новости

В Осиповичском государственном колледже прошел необычный мастер-класс

18 апреля 2025
Читать новость

Рекомендуем