Нашы сцiплыя героi

Нашы сцiплыя героi

Багата маіх сваякоў мелі слаўны ваенны лёс, але ўсе вельмі мала пры жыцці расказвалі пра вайну. Відаць, цяжка было ўспамінаць пра яе. А каб яшчэ вялі гутарку аб нейкіх сваіх ваенных подзвігах, то наогул такога ніколі не было. Ды і мы не вельмі пыталіся, аб чым застаецца толькі шкадаваць: многіх з радні ўжо няма ў жывых. Але зараз, дзякуючы магчымасці пазнаёміцца з рознымі дакументамі ў свабодным доступе, можна агледзець іх жыццё ў цэлым. I зусім па-новаму адкрываюцца звычайныя, здаецца, людзі, што жылі побач. Як, напрыклад, ВЕРНIКОЎСКIЯ.

Пасля вызвалення мясцовасці ад акупантаў многія маладыя людзі пайшлі ў Чырвоную Армію і ваявалі з фашыстамі, але толькі нядаўна даведалася, што, аказваецца, наш сціплы дзядзька Антось — Антон Iванавіч Вернікоўскі (на здымку — другі злева ў першым радзе) з невялікай вёсачкі Карма — не толькі дайшоў да Берліна, але і распісаўся на рэйхстагу! Так і бачыцца, як невысокі, хударлявы, сціплы селянін-беларус у выцвілай, абгарэлай месцамі гімнасцёрцы абцірае пот са стомленага твару і з задавальненнем, пачуццём добра выкананай справы распісваецца на сцяне галоўнай гітлераўскай будыніны ў цэнтры сталіцы пераможанага ворага…

Ваяваў дзядзька Антось слаўна — узнагаро-джаны двума баявымі медалямі “За адвагу” і “За перамогу над Германіяй”. Ён трапіў у самую мясарубку — на абарончую лінію Варшава-Кёнігсберг, якую гітлераўцы лічылі непрыступнай. Умацаванні прыкрывалі сэрца германскай ваеншчыны — Усходнюю Прусію і яе сталіцу Кёнігсберг, тут стаялі адборныя нямецкія войскі. У многіх мемуарах ваеначальнікаў можна сустрэць сведчанні, як цяжка было фарсіраваць раку Нараў. Так званы Нараўскі плацдарм тройчы пераходзіў з рук у рукі, там паляглі тысячы нашых салдат…

А яшчэ ён прымаў удзел у Памеранскай аперацыі, вызваляў г. Гданьск. Немцы там у адчаі адкрывалі шлюзы, і на нашы баявыя парадкі пад напорам ішла марская балтыйская вада — паўтараметровы вадзяны вал нават лёгкія пушкі ўздымаў, адрываў ад зямлі…

Калі вярнуўся ў сваю парушаную вайной і галодную вёску, то нанова адраджаў калгасную гаспадарку. I рабіў таксама добра, як і ваяваў. Ён вырошчваў і апрацоўваў лён. За бездакорную працу неаднойчы быў         удзельнікам Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі СССР (ВДНГ) у Маскве. Ужо адзін удзел у ёй — вялікая пашана, бо адбіралі туды лепшых з лепшых. Калі ўжо меў увесь камплект — бронзавы, срэбраны і залаты — медалёў, у 1956 годзе атрымаў вялікі Залаты — узнагароду, якая была ў нямногіх перадавікоў народнай гаспадаркі СССР.

У 1958 годзе дзядзька Антон быў адзначаны яшчэ і ордэнам “Знак Пашаны”, і да канца жыцця таксама сумленна працаваў на ўсіх давераных пасадах — у калгасе, машынна-трактарнай станцыі (МТС), на торфапрадпрыемстве.

Дык хіба наш сціплы, ціхі дзядзька не сапраўдны герой? Ці ж гэта не прыклад геройскага лёсу — і ў вайну, як воіна-вызваліцеля нашай зямлі і Еўропы ад нацызму, і потым — як самаадданага руплівага працаўніка на карысць Радзімы?!

Аб ваенным лёсе малодшага брата дзядзькі Антося — Iвана Iванавіча Вернікоўскага, які жыў у в. Свіслач — “раёнка” пісала неаднойчы. Яны ваявалі недзе побач, пасля перамогі нават сустрэліся ў Германіі. Дзядзька Iван таксама ўдзельнічаў у баях на кёнігсбергскім напрамку, аб удзеле ў штурме горада нагадвае медаль “За ўзяцце Кёнігсберга”. Ён двойчы адзначаны вышэйшай салдацкай узнагародай — ордэнамі Славы.

Мы ведалі аб яго ваенных заслугах, але зусім па-іншаму ўспрымаеш іх, калі чытаеш, напрыклад, канкрэтнае апісанне яго подзвігу, за які быў прадстаўлены на ўзнагароджванне ордэнам Славы 2 ступені: “18-го апреля 1945 г. тов. Верниковский в составе расчета форсировал реку Одер и под огнем противника быстро установил миномет и уничтожил выявленные цели: двух фаустников, обстреливавших наши лодки, один станковый пулемет, перекрывавший подходы к шлюзу, и трех немецких разведчиков, дав возможность нашим подразделениям без потерь овладеть плацдармом на зап. берегу реки… 29-го апреля 1945 года в бою за гор. Лихен он огнем из миномета истребил до 15 солдат противника, рассеял обоз немцев до 17 подвод и заставил их откатиться на сев. окраину города…”

Пасля вайны Iван Iванавіч таксама сумленна працаваў на розных пасадах у Свіслачы і на шклозаводзе ў Ялізаве.

У дзеда Антона была вялікая — 10 дзяцей! —   сям’я, і кожны ўнёс свой уклад у агульную перамогу над ворагам. Сястра Яніна, напрыклад, не была на вайне, аднак мела мужа-франтавіка — Сяргея Iванавіча Збанка з Жорнаўкі, які вярнуўся інвалідам II групы, узнагароджаны медалём “За адвагу” і ордэнам Славы 3 ступені.

А вось што стала вядома пра ўдзел у вайне другіх унукаў дзеда Антона.

Сыны Цэзара Антонавіча Вернікоўскага з в. Максімаўка.

Пётр да вызвалення Беларусі партызаніў у атрадзе імя Кірава, а потым да канца вайны ваяваў у дзеючай арміі. Узнагароджаны медалём “За баявыя заслугі”.

Уладзімір апынуўся на фронце з самага пачатку, гэта адзін з гераічных абаронцаў Магілёва. Для яго вайна скончылася ў 1947 годзе.

Трое аддалі жыццё за нашу Перамогу: Iван быў прызваны ў армію пасля вызвалення Асіповіч, загінуў у лютым 45-га і пахаваны ў Шчэцінскім ваяводстве ў горадзе Шнайдэмюль; два сыны прапалі без вестак: Мацвей — у снежні, Міхаіл — у чэрвені сорак першага.

Сыны Сямёна Цэзаравіча Вернікоўскага з в. Максімаўка.

Даніл (Дамінік) загінуў у баях у жніўні 1944 года, пахаваны ў хутары Падбож’е каля г. Оструў-Мазавецка на Беласточчыне.

Фёдар (Фларыян) таксама прымаў удзел у баявых дзеяннях, але нядоўга: быў цяжка паранены, вярнуўся дадому без нагі. Адзначаны медалём “За перамогу над Германіяй”.

Пра Уладзіслава вядома толькі, што пайшоў на вайну ў 18 гадоў і не вярнуўся.

Прыведзеныя звесткі, канечне, няпоўныя, але ўжо і іх хапае, каб адчуць вялікую павагу да ўсёй сям’і нашых сваякоў Вернікоўскіх, з ліку якіх выйшла столькі воінаў, што змагаліся супраць гітлераўцаў. Упэўнена, што такіх сем’яў на нашай зямлі багата, таму і заклікаю ўсіх землякоў: успомніце сваіх, здавалася б, сціплых родных у гадавіну 70-годдзя Вялікай Перамогі — сярод іх таксама знойдзецца нямала сапраўдных герояў!

…Мудрыя людзі кажуць, што як толькі забываецца апошняя вайна, адразу пачынаецца новая. Таму, каб мы жылі ў міры, давайце заўсёды шанаваць сваіх герояў. I жывых, і загінуўшых. I перадаваць сваім нашчадкам памяць аб іх.

Галіна ШЫШКО. (prodki.gal@ yandex.by).

Последние новости

Общество

Прямая линия с председателем суда Осиповичского района

27 августа 2025
Читать новость
Культура

Кинотеатр «Родина» в Осиповичах : Афиша

27 августа 2025
Читать новость
Общество

Ці можна прымусіць мужа, які не аказвае дзецям ніякай матэрыяльнай дапамогі, выдзяляць грошы на ўтрыманне трох сыноў? Адказвае ўчастковы інспектар міліцыі

27 августа 2025
Читать новость
Общество

Хроника происшествий в Осиповичском районе с 18 по 24 августа

27 августа 2025
Читать новость
Общество

На днях председатель Осиповичского районного отделения партии Юрий Даненков посетил многодетную семью Галины Бородиной

27 августа 2025
Читать новость
Общество

Гороскоп на 27 августа для всех знаков зодиака

27 августа 2025
Читать новость

Рекомендуем