“Няпрофільныя” паляўнічыя ў Асіповіцкім раёне

У структуры філіяла Асіповіцкае УМГ ААТ “Газпрам трансгаз Беларусь” ужо амаль паўтара года існуе няпрофільнае дапаможнае падраздзяленне — служба па эксплуатацыі паляўнічай гаспадаркі. Узначальвае яе Уладзімір Барэйша, былы дырэктар Жорнаўскай эксперыментальнай лясной базы. Матываў пераходу на пасаду фармальна ніжэйшага рангу Уладзімір Віктаравіч не хавае: калі адна з буйнейшых у свеце энергетычных кампаній лічыць патрэбным стварыць уласную паляўнічую гаспадарку, то задуманае будзе рэалізоўвацца з адпаведным падыходам. Дык чаму б не прыняць удзел у такой цікавай і незвычайнай справе? Ды яшчэ калі прапануюць заняць у ёй ключавую пасаду?
Адсюль і першае пытанне да начальніка газпрамаўскай паляўнічай гаспадаркі: чым яна адрозніваецца ад іншых структур аналагічнага прызначэння?
— Галоўная спецыфіка — у арыентацыі на трафейнае паляванне. Iнакш кажучы, задача нашай службы больш далікатная: падтрымліваць у папуляцыях дзікіх жывёл дастаткова высокую колькасць асобін з фізічнымі кандыцыямі, якія адпавядаюць жорсткім крытэрыям методык ацэнкі трафеяў Міжнароднага савета паляўнічых.
“Чэмпіёнскіх” кандыцый жывёлы дасягаюць у дастаткова сталым узросце і толькі пры ўмове, што на працягу жыцця яны былі здаровыя і існавалі ў спрыяльным асяроддзі. Так што клопату з масавым гадаваннем “жывёльнага эксклюзіву” значна больш, чым з наглядам за звычайным пагалоўем дзічыны.
Мы значна даўжэй — з кастрычніка па сакавік — праводзім падкормку, больш увагі ўдзяляем барацьбе з браканьерствам і кантролю за драпежнікамі. Персанал службы — а працуюць вельмі вопытныя спецыялісты —вядзе пастаяннае патруляванне паляўнічых угоддзяў. Добра дапамагае ў гэтай справе інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету — з ёй заключана адпаведная дамова. У выніку за ўвесь час існавання гаспадаркі было зафіксавана і спынена толькі дзве спробы незаконнага палявання. А так у нашых лясах стаіць цішыня…
— Арганізацыя палявання па міжнародных стандартах, відавочна, патрабуе дыхтоўнага навуковага абгрунтавання…
— Яно і было праведзена адразу пасля стварэння гаспадаркі, у склад якой увайшлі былыя паляўнічыя ўгоддзі філіяла “Белшына-агра” і Жорнаўскай эксперыментальнай базы Iнстытута лесу.
У адпаведнасці з атрыманымі рэкамендацыямі, тэрыторыі Каменіцкага і Лапіцкага лясніцтваў падзелены на функцыянальныя зоны: палявання на капытных, палявання на дробную дзічыну, трэніроўкі сабак і спакою. Такі падзел — адна з абавязковых умоў, пры якіх можна давесці колькасць дзічыны да аптымальнага ўзроўню. У справе ўжо дасягнуты станоўчыя вынікі. Калі ў 2013 годзе колькасць лася і высакароднага аленя складала адпаведна 38 і 23 працэнты ад аптымальнай, то зараз колькасць павялічылася да 75 і 30,6 працэнта адпаведна. Прычым, рост папуляцый буйных капытных не пашкодзіў казулі і зайцу. Шчыльнасць першай стабільна трымаецца на ўзроўні 95 працэнтаў ад оптымуму, а колькасць зайца прыкладна такая ж.
Зразумела, узгаданае “ўшчыльненне” адбываецца не толькі за кошт маладняку. Дзікія жывёлы перасоўваюцца ў пошуках добрай кармавой базы і бяспекі, так што асноўная крыніца пры-росту — “эмігранты”.

Паляванне пакуль вядзецца ў вельмі абмежаваных аб’ёмах — фактычна ідзе выбракоўка асобін, чый генетычны патэнцыял альбо фізічны стан ніжэй дапушчальнага мінімуму. Тым не менш, у мінулым годзе было адстраляна 2 аленя, 16 казуль і 48 дзікоў.
На сёння ў наяўнасці 2 алені і 4 казулі, адпавядаючых умовам трафейнай здабычы. Спатрэбіцца яшчэ гадоў пяць, каб колькасць “элітарных” асобін узрасла да ўзроўню, пры якім наша гаспадарка стане цікавай для паляўнічых-спартсменаў міжнароднага ўзроўню. За гэты час, спадзяюся, атрымаецца знайсці рашэнне праблем, якія замінаюць яе нармальнаму развіццю.
— Першая — відавочная: зубры. А другая?
— Сапраўды, значная частка зубрынага статка жыве на тэрыторыі Лапіцкага лясніцтва, і гэтыя жывёлы з’яўляюцца ежавымі канкурэнтамі для іншых капытных. Менавіта зубры з’ядаюць да чатырох пятых падкормкі, якая пакідаецца для нашых аленяў, ласёў, казуль.
Аднак куды больш істотнае абмежаванне — разарванасць паляўнічых угоддзяў. Зараз паміж Лапіцкім і Каменіцкім лясніцтвамі размешчана Градзянскае, дзе паляўнічая гаспадарка вядзецца іншым арандатарам. Кіраўніцтва “Газпрам трансгаз Беларусь” разумее важнасць гэтых праблем, шукае шляхі іх рашэння, а мы тым часам працягваем працаваць. Плошча гаспадаркі амаль 28 тысяч гектараў — работы хапае. Сярод апошніх спраў — устаноўка дыхтоўных вышак для назірання і палявання каля падкормачных пляцовак. Яны ў нас не зусім звычайныя, хутчэй нагадваюць казачныя хаткі на курыных ножках: са шклопакетамі, печкай і канапамі…
— А навошта газавай кампаніі ўкладваць грошы ў развіццё палявання на Асіповіччыне?
— Амаль палова работнікаў Асіповіцкага УМГ — паляўнічыя, ды і сярод персаналу іншых падраздзяленняў Газпрама нямала аматараў гэтага занятку, таму ўласная паляўнічая гаспадарка — элемент культуры карпаратыўнага адпачынку. Да таго ж у газавікоў ёсць пэўная палітыка ў адносінах да навакольнага асяроддзя, а далучэнне людзей да палявання — зразумела, спартыўнага — дзейсны спосаб іх экалагічнага выхавання. Грошы на самой справе ўкладаюцца не столькі ў развіццё паляўнічай гаспадаркі, колькі ў імідж кампаніі. Такі падыход не мае мэтай атрыманне прыбытку, хаця, калі ўсё задуманае атрымаецца, гадоў праз дзесяць наша служба зможа перайсці на самаакупляльнасць.
— Калі экалагічнае выхаванне — асноўная мэта існавання службы па эксплуатацыі паляўнічай гаспадаркі, ці магчымы нейкія сумесныя праекты ў гэтым накірунку з іншымі зацікаўленымі арганізацыямі і грамадскімі аб’яднаннямі раёна?
— Безумоўна, магчымы і нават неабходны! Мы адкрытыя да кантактаў і з задавальненнем прымем удзел у справах, якія будуць прапаноўваць патэнцыяльныя партнёры. Але і ўласных намераў не хаваем: хацелася б далучыць да развіцця культуры палявання сярод асіповіцкай моладзі школы і раённую суполку БРСМ. Пакуль канкрэтныя планы толькі фарміруюцца — мы ж толькі пачынаем сваю работу…
Гутарыў Дзмітрый САЎРЫЦКI.
