Актуальна ў Асіповічах: вакансій менш, але…

Ці проста зараз знайсці работу ў Асіповічах? Што прапаноўвае мясцовая працоўная біржа? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае начальнік аддзела працы і занятасці насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Сяброўская.
— Колькасць свабодных рабочых месцаў у горадзе апошнім часам рэзка знізілася: на сёння заяўлена менш за паўсотні вакансій, тады як на пачатак 2014 года іх было каля 500. Прастоі і рэжым няпоўнай занятасці на некаторых прадпрыемствах ствараюць напружанасць на рынку працы.
— А ці павялічылася зараз колькасць беспрацоўных на Асіповіччыне?
— Афіцыйна іх стала значна больш: калі на 1 студзеня на ўліку было 72 чалавекі, то зараз — 169.
— Паўплывала на сітуацыю распрацоўка нарматыўнага прававога акта аб асобах, якія ўхіляюцца ад працоўнай дзейнасці?
— Так, у наш аддзел сталі звяртацца людзі, якія доўгі час нідзе не рабілі. Часцей за ўсё такія землякі не маюць прафесіі, тады як у асноўным у райцэнтры патрабуюцца кваліфікаваныя рабочыя і спецыялісты. Паколькі дакумент яшчэ не прыняты, дакладна не ведаем, каго адносіць да тунеядцаў і якія меры будуць да іх прымацца.
— Бывае, што беспрацоўныя адмаўляюцца ад вакансій?
— Здараецца. Часам людзей не задавальняе ўзровень зарплаты, але, у адпаведнасці з законам аб занятасці, калі чалавек двойчы адмовіўся ад прапанаванага месца, ён здымаецца з уліку і не зможа больш атрымліваць дзяржаўную дапамогу для беспрацоўных. На сёння яна складае максімум 2 базавыя велічыні штомесяц — 360 тысяч рублёў.
— Ведаем, што існуе праграма “Маладзёжная практыка”, згодна з якой працаўладкоўваеце выпускнікоў вучэбных устаноў, якія атрымлівалі адукацыю за свой кошт і не патрапілі пад абавязковае размеркаванне. Ці рэальна ім знайсці работу ў нас?
— Так званыя “платнікі” з атрыманнем дыплома звычайна доўга шукаюць сабе першае месца працы: ніхто не імкнецца браць юнакоў і дзяўчат без вопыту работы. Прапаноўваем такой катэгорыі праграму першага працаўладкавання: знаходзім для маладых людзей арганізацыі, якія гатовы стварыць вучэбнае месца. Прадпрыемства бярэ іх на працу на некалькі месяцаў, найбольшы тэрмін — паўгода, а зарплату плаціць аддзел са сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацабароны насельніцтва. Гэтым жа шанцам можа скарыстацца і моладзь, якая прайшла прафесійную падрыхтоўку па нашым накіраванні. Заробак хоць і мінімальны, але стаж і першы запіс у працоўную кніжку — гэта ўжо крок наперад. Летась такім чынам было ўладкавана 5 чалавек. Адну дзяўчыну ўзялі на пастаяннае месца. Як правіла, праграмай задаволены і маладыя працаўнікі, і работадаўцы. У справе працаўладкавання наогул важна не апускаць рукі: хто шукае, той знаходзіць.
Гутарыла Людміла ФРЭЙДМАН.