Блізкія кантакты непажаданага роду

На першы погляд відавочна: людзі і дзікія жывёлы існуюць у розных сістэмах жыццёвых каардынат. Аднак далёка не заўсёды чалавек разумее, наколькі гэта небяспечна — ісці ў жывёльны «манастыр» са сваім «статутам». Нават калі тое робіцца з самых высакародных меркаванняў.
Нярэдка людзі знаходзяць хворых альбо траўміраваных жывёл, знясілены маладняк, які застаўся без матак. У прыродных умовах такія бездапаможныя асобіны хутчэй за ўсё загінуць, таму іх становіцца шкада, узнікае жаданне ўзяць пад сваю апеку. Але тут узнікаюць непазбежныя супярэчнасці паміж намерамі і вынікамі!
Вымаючы асобіну-«аўтсайдара» з яе натуральнага асяроддзя, чалавек умешваецца ў ежавы ланцуг (адзін з найбольш дасканалых механізмаў самарэгуляцыі прыродных экасістэм), пазбаўляючы законнай здабычы тыя жывыя істоты, чыё прызначэнне — «працаваць» санітарамі лесу.
Да таго ж падобная дапамога наносіць выратоўваемай жывёле непапраўную псіхалагічную траўму. Пластычны маладняк вельмі хутка прыстасоўваецца да сытага і бяспечнага існавання ў няволі і губляе навыкі самастойнага выжывання. Вяртаць яго ў натуральнае асяроддзе нельга, але і дома трымаць немагчыма: правіламі вядзення паляўнічай гаспадаркі гэта катэгарычна забараняецца.
Дарослыя асобіны ў няволі набытага жыццёвага вопыту не губляюць, аднак ён усё ж значна дэфармуецца. Жывёла страчвае страх перад людзьмі і выпушчаная на волю хутка становіцца здабычай паляўнічых: да чалавека са стрэльбай яна абавязкова падыдзе бліжэй, чым цалкам дзікая.
Аднак бывае і наадварот. Напэўна, усе ведаюць пра трагедыю, якая адбылася ў вёсцы Копча, дзе паўручны алень забіў чалавека. Зразумела, гэта жудасны выпадак, аднак яго галоўнай прычынай стала ігнараванне вяскоўцамі элементарных ведаў псіхалогіі буйных капытных. Жывёліна, збегшая пры перавозцы з Мінска ў адзін з прыватных заапаркаў Магілёўшчыны, часцяком наведвалася ў вёску і паводзіла сябе нібы «зусім дамашняя». Вось толькі з пачаткам гону — восеньскага перыяду размнажэння — самцы аленяў становяцца неўтаймавана-ваяўнічымі: не знойдуць дастойнага праціўніка — могуць нападаць на «ўсё, што рухаецца».
Яшчэ адна свайго роду «стандартная» сітуацыя міжвідавых псіхалагічных канфліктаў — набліжэнне чалавека да звера, які знаходзіцца ў стрэсавым стане. Звычайна такія небяспечныя сустрэчы адбываюцца вясной, хаця знайсці тлумачэнне сезоннасці можна не заўсёды. Напрыклад, з бабрамі зразумела: у гэты перыяд самкі даюць прыплод, і з сям’і выганяюць амаль дарослых бабранят папярэдняга памёту. Хвастатым падлеткам даводзіцца шукаць месца для будаўніцтва ўласнай хаткі, дзеля чаго пераважна рушыць па сушы. Бабры ж на зямлі перасоўваюцца марудна і нязграбна, таму ў незразумелых для сябе сітуацыях лічаць за лепшае нападаць першымі. Зубы буйных грызуноў — страшная зброя.
Ласі схільнасць да «вясенніх» сустрэч з чалавекам праяўляюць самі — няведама чаму. Часцей яны завяршаюцца мірна, аднак рызыка ўсё ж ёсць. Напрыклад, некалькі гадоў назад ласіха, якая завітала на ўскраіну горада, траўміравала дзвюх асіпаўчанак.
Сустрэчы з дзікай жывёлай адбываюцца не часта, але выключыць іх верагоднасць немагчыма. З улікам нашага менталітэту абавязкова трэба памятаць адну вельмі істотную акалічнасць, якая дапаможа пазбегнуць непажаданых наступстваў. Дзікія жывёлы не пераносяць пах алкаголю — ён выклікае ў іх інстынктыўны ўсплеск агрэсіўнасці.
Інфармацыя прадастаўлена
Антонам ШАБОВІЧАМ, егерам ДДЛГУ «Асіповіцкі вопытны лясгас».
