“Дзівакам” — 20 гадоў

Пачалося ўсё ў далёкім 1994 годзе па ініцыятыве цяперашняй бізнес-вумен Кацярыны Лапацінай, якая працавала тады дырэктарам Дома культуры на кардонна-руберойдавым заводзе.
— Як і на ўсякім вялікім прадпрыемстве, у нас кожны цэх меў сваю фальклорную групу, — успамінае Кацярына Канстанцінаўна. — Асабліва радавалі майстэрствам самадзейныя артысты будаўнічага, якія часта станавіліся пераможцамі завадскіх аглядаў-конкурсаў. З прыходам на работу ў клуб маладога мастацкага кіраўніка Алы Пінчук, якая проста гарэла жаданнем прыўнесці ў наша культурнае жыццё штосьці незвычайнае, было канчаткова прынята рашэнне: арганізаваць адну творчую суполку. Ёй актыўна дапамагала Людміла Грынько, побач з намі быў таксама цудоўны музыкант Юрый Камісараў. Кіраўніцтва КРЗ падтрымала ідэю, а пазней дапамагло з набыццём сцэнічных касцюмаў — іх шылі ў сталічным тэатры оперы і балета.
Першы канцэрт адбыўся на сваёй сцэне. У рэпертуар уключылі добра знаёмыя ўсім беларускія песні, зрабілі выдатныя аранжыроўкі. Безумоўна, артысты хваляваліся, але гледачы сустрэлі іх цёпла, бо кожная песня кранала за душу.
У калектыў сталі прыходзіць прафесіянальныя спевакі — людзі, якія былі звязаны па роду заняткаў з музыкай. Пачалася актыўная гастрольная дзейнасць. Выязджалі ў калгасы, сяльчане заўсёды былі рады нашым канцэртам.
Сталі думаць над назвай. Аб’явілі нават конкурс. Перабралі з дзясятак самабытных каларытных найменняў і спыніліся на “Дзіваках”. Чаму? Прыгожае беларускае слоўца. Роднасныя яму — дзіва, дзіўны. Менавіта такія людзі і падабраліся ў калектыў — непадобныя да іншых, умеючыя здзівіць сваім талентам: рухамі, голасам, музыкай. Яны здольныя на неардынарныя ўчынкі. Пра кожнага з артыстаў можна сказаць: “Вось дзівак!”. Аб’яднаная такім драйвам кампанія і ёсць “Дзі-ва-кі”.
Дом культуры КРЗ закрылі, на жаль, гадоў 9 таму, але калектыў жыве і сёння, радуе аматараў народнага мастацтва творчасцю. Ганаруся, што яго ўдзельнікі аказаліся цвёрдыя духам і настолькі згуртаваныя, што ніякія жыццёвыя віхуры не збілі іх з аднойчы абранага шляху. Яны для мяне як родныя дзеці. Сачу за выступленнямі, радуюся поспехам і спадзяюся, што і далей яны будуць прыносіць радасць людзям, дорачы ім дзівосныя песні і танцы.
Сёння ансамбль “Дзівакі” раённага Цэнтра культуры і адпачынку — гэта 20 чалавек, аб’яднаных любоўю да песеннай спадчыны нашага народа, сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы. З 2003 года ўзначальвае калектыў Ала Пінчук.
— За гады сумеснай працы сталі адзін для аднаго не толькі калегамі, але і сябрамі, — гаворыць Ала Яўгеньеўна. — Большасць з нас мае свае творчыя калектывы, але не мяняе “прапіскі” і ў нашым ансамблі, які стаў родным і блізкім. Ля вытокаў стаялі Людміла Грынько, Таццяна Салімон, Валянціна Якаўлева, Аксана Мысюціна, Алена Здоранка, Таццяна Мікульчык, Ганна Арашкова. Акрамя Юрыя Камісарава, сваю лепту ў развіццё ўнёс музыкант Сцяпан Саханчук. Праз некаторы час далучыўся баяніст і спявак Аляксандр Яршоў.
Прыемна, што папаўняемся маладымі галасамі — да нас прыйшлі Аня Яблонская, Аня Дудко, Лена Грышановіч, Алег Матусевіч. Прычым, прырастаем дынастыямі: Таццяна Мікуліч прывяла дачку Аню, Ганна Арашкова — мужа Алега. Не адзін год з намі Аляксандр Яўсейчык і Анатолій Яцэвіч. З нядаўняга часу — Дзмітрый Новікаў і Сяргей Аляксееў. Сярэдні ўзрост калектыву — 35 гадоў.
Маладосць і сталасць якраз тыя жыццёвыя велічыні, якія пры спалучэнні даюць магутны штуршок для руху наперад, больш поўнага раскрыцця творчага патэнцыялу кожнага артыста ансамбля. У нашай песеннай скарбонцы шматлікія выступленні на разнастайных святах і мерапрыемствах раёна, удзел у абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Мы — пастаянныя лаўрэаты “Веснавых колераў”. І кожная сустрэча з гледачамі — сапраўднае свята, падчас якога адбываецца абмен энергетыкай, яднанне душ. Гэта як эліксір жыцця, вечнай маладосці. І калі здараюцца перапынкі ў канцэртнай дзейнасці, марым хутчэй сабрацца, абмеркаваць навіны і заняцца любімай справай…
Запытайцеся ў любога асіпаўчаніна, які хоць колькі цікавіцца творчасцю народных калектываў Асіповіччыны, што вядома пра “Дзівакоў” — і ў адказ пачуеце: “Гэта адзін з брэндаў у сферы культуры нашага краю!”
Ніна ВІКТОРЧЫК.