Да рэалій — рэальны падыход

Лічаныя гадзіны застаюцца да таго часу, калі беларускі Прэзідэнт павіншуе свой народ з прыходам 2015 года, і кожны з нас, трымаючы бакал шампанскага, пажадае сябрам і блізкім ажыццяўлення самых запаветных мар.
— Вось толькі навагодні стол — з’ява разавая, а штодзённая будзённая работа — справа пастаянная, — падкрэслівае старшыня райвыканкама Пётр ШУКАЛОВIЧ. — I менавіта ад яе залежыць, як і чым будзе напоўнены той самы святочны стол у будучым.
Рыхтуючыся да навагодніх урачыстасцей, мы звычайна прыгадваем самае адметнае, што адбылося ў адыходзячым годзе. I адназначна даць ацэнку 2014 году, пагадзіцеся, наўрад ці можна: штосьці ўдалося дасягнуць нават з перавыкананнем, але асобныя пазіцыі ўсё ж засталіся нявыкананымі. Напрыклад, не адно з нашых прамысловых прадпрыемстваў розных галін уласнасці, калектываў транспарту, сувязі, будаўнікоў і іншых галін сустракае Новы год з добрым настроем: за гадавыя вынікі людзям не сорамна. У наяўнасці немалыя зрухі да лепшага на вагонабудаўнічым заводзе, актыўна вядуцца будаўнічыя работы на мікрараёне “Чарняхоўскага” і новых малочнатаварных фермах у гаспадарках, па-ранейшаму трымае высокую марку якасці выпускаемай прадукцыі завод жалезабетонных канструкцый, які да ўсяго павялічвае свае вытворчыя магутнасці, няхай і не надта багата, але добраўпарадкоўваліся нашы вуліцы і населеныя пункты і г.д.
Зразумела, у рэгіёне ўсе імкнуліся як мага лепш справіцца з выкананнем прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, павышэння эфектыўнасці дзейнасці нашага народнагаспадарчага комплексу. На асаблівым кантролі знаходзілася выкананне заданняў па развіццю сеткі гандлю і грамадскага харчавання, узроўню беспрацоўя і росту заработнай платы, стварэнню новых рабочых месцаў і камерцыйных арганізацый. Рэальны сектар эканомікі стараўся мадэрнізаваць вытворчасць, павысіць якасць работ і паслуг, развіваць інвестыцыйную і знешнеэканамічную дзейнасць.
Але сказаць, што ў плане дынамічнага развіцця зроблена ўсё магчымае, не магу. Таму яшчэ раз падкрэсліваю: прыбаўляць трэба кожнаму, па ўсіх напрамках развіцця. I ў будучым абавязкова ліквідаваць адставанне таму ж кансерваваму заводу і аўтаагрэгатчыкам, працаўнікам сельскай гаспадаркі і ялізаўскаму шклозаводу, другім.
Год, з якім развітваемся, для Беларусі быў асаблівым: адбыліся выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў, адзначылі 70-годдзе вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яшчэ і яшчэ раз кажу шчырыя словы ўдзячнасці нашым паважаным ветэранам за ўсё, што яны зрабілі і працягваюць па меры сіл і магчымасцей рабіць для нас зараз. Вялікі дзякуй вам, дарагія! Улада ніколі не забывалася пра вас і будзе і надалей старацца ва ўсім дапамагаць. Але галоўнае ўсім — моцнага здароўя!
Насычаны год і наступны: прадстаяць выбары Кіраўніка дзяржавы, шэраг мерапрыемстваў з нагоды 70-годдзя Вялікай Перамогі ў Айчыннай вайне.
Якія галоўныя мэты развіцця рэгіёна ў 2015 годзе? Усё проста: павышэнне эфектыўнасці работы эканомікі, паляпшэнне дабрабыту людзей. Дзеля чаго трэба працягваць мадэрнізацыю дзеючых і ствараць новыя сучасныя вытворчасці, яшчэ актыўней прыцягваць замежныя інвестыцыі ў раён, мэтанакіравана развіваць знешнеэканамічную дзейнасць, фарміраваць эфектыўную сельгасвытворчасць, будаваць жыллё і паляпшаць яго якасць, павялічваць уклад малога бізнесу ў эканоміку, развіваць дзяржаўна-прыватнае партнёрства, ашчадна ставіцца да ўсіх матэрыяльных затрат, энергарэсурсаў і бюджэтных сродкаў.
На сесіі раённага Савета дэпутатаў асноўныя паказчыкі прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Асіповіччыны днямі зацверджаны. Яны складаныя, але ўсе лічбы зыходзяць з магчымасцей нашай эканомікі, і пры належнай аддачы кожнага рэальныя для выканання, бюджэт забяспечыць жыццядзейнасць і далейшае развіццё ў будучым. Як адзначыў Прэзідэнт краіны, у Беларусі дастаткова моцы, каб прайсці цяперашні перыяд, які даволі няпросты. Таму ад усіх нас і патрабуецца працаваць з поўнай адказнасцю, да ўсяго адносіцца сумленна, па—гаспадарску.
Шчыра віншую ўсіх з навагодне-каляднымі святамі і жадаю толькі дабра, моцнага здароўя, новых творчых поспехаў. З Новым годам вас, паважаныя сябры, з новым шчасцем! Усяго самага добрага, мірнага, плённага і шчаслівага!
Запісаў Віталь КУЛАКОЎ.
