У Асіповіцкім раёне адбыўся “Пакроўскі кірмаш”

Пад такой назвай у рамках ІІІ Міжнароднага форуму “Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства” ўпершыню ў Асіповічах прайшло раённае свята, якое раней было шырока распаўсюджана сярод нашых продкаў. У ім прынялі ўдзел вучоныя і спецыялісты па вывучэнні фальклору і традыцыйных культур як Беларусі, так і Расіі, Францыі, Літвы, Азербайджана, Арменіі, Румыніі, кіраўнікі і спецыялісты дзяржаўных органаў кіравання, старшыня райвыканкама Пётр Шукаловіч, начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Анатолій Сінкавец, дырэктар Магілёўскага абласнога метадычныга цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы Алег Хмялькоў.
Першым пунктам прыпынку стала Свіслацкае замчышча з цудоўнай панарамай зліцця Бярэзіны і Свіслачы. Невялікі экскурс у гісторыю, фота на памяць — і камфартабельны аўтобус накіроўваецца да асноўнага месца правядзення кірмашу — паляўнічага комплексу непадалёку ад Смыка, дзе караваем і “Прывітальнай песняй” дэлегацыю этнографаў сустрэў народны ансамбль народнай песні “Вязанка” Вяззеўскага СДК.
Апынуўшыся на тэрыторыі маляўнічай мясцовасці, фалькларысты адразу сталі ўдзельнікамі гасцёўні “Гарбузяны рай”, дзе гаспадарылі народны ансамбль народнай песні “Сваякі” і калектыў гарманістаў “Карытнянскія музыкі” Карытненскага СДК. Галоўны герой іх творчага прадстаўлення — здаўна любімы беларусамі і вырошчваемы на агародзе кожнай сялянскай сям’ёй гарбуз. Жадаючыя частаваліся разнастайнымі стравамі, прыгатаванымі з яго. Прыйшліся ім даспадобы і прыпеўкі з песнямі, што выконвалі самадзейныя артысты, і беларускія народныя гульні.
Далей гасцей праграмы чакала гандлёва-выставачная экспазіцыя з творчымі прэзентацыямі работ майстроў па саломапляценні, кераміцы, лозапляценні, бяросце. Можна было нават паназіраць за працэсам стварэння таго ці іншага шэдэўра, а то і самім стаць на некалькі хвілін народным умельцам.
Паколькі кірмаш праходзіў на беразе ракі, то арганізатары пастараліся задаволіць густы аматараў рыбнай лоўлі, якія знайшліся сярод прысутных, — прапанавалі ім пасядзець з вудай у руках. Ну а прадэгуставаць пірагі з рыбай і наварыстую юшку маглі ўсе.
А які беларускі стол без дранікоў і яешні са скваркамі? І хоць бліны з бульбы па падобных рэцэптах гатуюць у розных краінах свету, асіповіцкія дранікі мелі асаблівы смак, таму разы-шліся за некалькі хвілін. “У чым кулінарны сакрэт?” — дапытваліся госці. Напэўна, не толькі ва ўласцівасцях нашай бульбы, але і ў асаблівасцях шырокай беларускай натуры. Тым больш, у Год гасціннасці.
Падчас гэтага прыпынку амаль кожны стаў удзельнікам праграмы, падрыхтаванай “Вязанкай”. Пад дуду, гармонік і цымбалы цудоўна спявалася і танчылася ўсім. Прыемна было назіраць за людзьмі, якія раней нават не ўяўлялі аб існаванні падобных танцаў, а зараз з задавальненнем пусціліся ў пляс. Твары іх свяціліся ўсмешкамі, а партнёры разумелі адзін аднаго без перакладчыка. Як вынік і словы падзякі — за дастаўленую магчымасць дакрануцца ўжывую да беларускага нацыянальнага каларыту, да нашай песеннай і танцавальнай спадчыны.
Не маглі не прадэманстраваць асіпаўчане і экспазіцыю з тканымі і вышыванымі вырабамі, якія ўтульна размясціліся побач з майстрыхамі Валянцінай Туркіной, Ірынай Забаўскай і Вольгай Наудзюнас. Радавалі вока ручнікі і паясы, у якія ўпісаны ўзоры сімволікі, характэрныя менавіта для нашай мясцовасці. А яшчэ ўвагу прыцягнулі лялькі-неразлучніцы, што сімвалізуюць розныя чалавечыя каштоўнасці: каханне, дабрабыт, шчасце і інш. Яны так спадабаліся, што тут жа набылі сабе новых гаспадароў. Высокую ацэнку іх сакральнасці дала старэйшы выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, магістр педагогікі Аксана Катовіч, якая прысутнічала на форуме разам з вядомым айчынным фалькларыстам Іванам Крукам. Па яе словах, дзякуючы такім рэчам прыадчыняюцца таямніцы колішняга сялянскага побыту.
Яскравыя музычныя выступленні народнага ансамбля народнай песні і музыкі “Дзівакі” Асіповіцкага раённага Цэнтра культуры і вольнага часу таксама нікога не пакінулі абыякавымі. Як і ў цэлым усё свята. Вось як пракаментавала ўбачанае спецыяліст Інстытута археалогіі і этнаграфіі Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Арменія Арусяк Саакян: “Трэці раз прыязджаю ў Беларусь і зноў улюбляюся ў яе па-новаму. Адкрытасць і шчодрасць простых людзей уражвае. Прыемна і тое, што не страцілі сваю аўтэнтычнасць. Наадварот, усё, чым жылі продкі, зараз актыўна адраджаецца навукоўцамі і звычайнымі аматарамі-фалькларыстамі, у чым яшчэ раз упэўнілася”.
Сустрэча на гасціннай асіповіцкай зямлі і сапраўды стала незабывальнай, злучыла людзей розных нацыянальнасцей і культур. I ў далейшым, безумоўна, будзе служыць развіццю і прапагандзе традыцыйнага мастацтва краін-удзельніц.
Ніна ВІКТОРЧЫК.


